Падчас нарады Аляксандр Лукашэнка нагадаў пра даручэньне старанна кантраляваць прымяненьне дэкрэту на практыцы і працэсы ў гэтай сфэры.
«Былі прапановы ледзь не адмовіцца ад гэтага дэкрэту: шмат крытыкі, цяжка адміністраваць і многія іншыя пытаньні», — сказаў ён.
«Тады я сказаў, што, якія б ні былі размовы, для таго, каб прымаць дадатковае рашэньне, трэба пажыць, папрацаваць. Прайшло больш за год. Мы цяпер ужо больш-менш бачым, што даў гэты дэкрэт, якія станоўчыя бакі гэтага дакумэнту. Недахопы ёсьць? Ну што ж, давайце папраўляць», — заявіў ён.
Лукашэнка прапанаваў разабрацца, якія праблемы паўсталі ў ходзе рэалізацыі дэкрэту і наколькі ён эфэктыўны.
«Мне дакладваюць, што нярэдка паведамленьні на выплату збору паступаюць ад падатковых інспэкцыяў грамадзянам, якія не абавязаныя плаціць гэты збор і не павінны былі ўключацца дзяржаўнымі органамі ў сьпісы плацельшчыкаў: студэнтам, жанчынам, якія знаходзяцца ў дэкрэтных водпусках, нават салдатам тэрміновай службы», — заўважыў ён.
«У гэтай сытуацыі заўсёды будуць нейкія недахопы. Галоўнае, каб мы бачылі іх і своечасова ліквідавалі», — падкрэсьліў Лукашэнка.