Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сюды перакінуць дывізію з-пад Ельні. Аглядальнік Алесін разважае, навошта расейскаму войску 4 тысячы новых вагонаў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Ва ўправе прэсавай службе Міністэрства абароны Расейскай Фэдэрацыі не адказалі на пытаньне, навошта Мінабароны РФ зьбіраецца замовіць у 2017 годзе больш за 4 тысячы вагонаў для вайсковых перавозак у Беларусь.

«Апэратыўна адказаць на гэтае пытаньне? Не. Пішыце зварот і накіроўвайце, тады будзем разьбірацца», — адказаў карэспандэнту Свабоды дзяжурны па прэсавай службе, які адмовіўся сябе назваць.

Паводле зьвестак польскіх мэдыяў, атрыманых з адкрытых крыніц, на 2017 год Мінабароны Расеі зьбіраецца праз тэндэр замовіць 4162 вагоны для чыгуначных перавозак, зьвязаных з тэрыторыяй Беларусі. Між тым сёлета гэтае ведамства замаўляла толькі 50 вагонаў для падобных перавозак.

Чым тлумачыцца шматразовае падвышэньне меркаваных вайсковых перавозак з Расеі? Карэспандэнт Радыё Свабода папрасіў падзяліцца думкамі незалежнага вайсковага аглядальніка Аляксандра Алесіна.

Аляксандар Алесін
Аляксандар Алесін

— У Беларусі ўжо гучаць розныя вэрсіі прычынаў такога вялікага тэндэру. Зноў загаварылі пра расейскую вайсковую базу, што яна ўсё ж тут можа зьявіцца і што гэтыя перавозкі зьвязаныя якраз зь ёю. Вы падзяляеце гэтую думку?

— Не, я лічу, што з магчымаю базаю гэты будучы тэндэр ніяк не зьвязаны, бо стварэньню тут расейскай вайсковай базы павінна папярэднічаць заканадаўчае яе афармленьне. Пакуль юрыдычна знаходзіцца тут на трывалай аснове расейскія вайскоўцы ня могуць. Да таго ж база, калі пра гэта дамовяцца і ўсё аформяць паводле закону, узьнікне не адразу і ня гэтак хутка. З увагі на цяперашні фінансавы стан Расеі гэта заняло б досыць шмат часу.

— Ёсьць яшчэ вэрсія пра манэўры «Захад-2017», якія пройдуць на тэрыторыі Беларусі з удзелам расейскіх вайскоўцаў. Магчыма, гэта замова дзеля перакіданьня сюды расейскіх войскаў?

— Так, і гэта найбольш верагодная вэрсія — што рыхтуецца перакідваньне войскаў для ўдзелу ў манэўрах «Захад-2017». Міністар абароны Расеі Шайгу ўжо выказаўся, што гэта будзе кшталту адказу на падвышэньне актыўнасьці НАТО каля межаў Расеі. Адказ на тыя некалькі батальёнаў, якія НАТО разьмесьціць бліжэй да мяжы, зь перадавога базаваньня супрацьракетнай абароны ЗША. Расея адкажа на гэта ў тым ліку манэўрамі, але манэўрамі іншымі, чым тыя, што былі раней.

Мяркую, манэўры будуць іншыя ня толькі паводле легенды, але найперш паводле складу войскаў і іх колькасьці. Звычайна ж што адбывалася? Звычайна сумесныя манэўры ў нас былі збольшага камандна-штабныя, на якіх у асноўным былі задзейнічаныя штабы і органы кіраваньня, а непасрэдна войскі абазначаліся невялікімі падразьдзяленьнямі. Максымум — невялікія часткі. Акрамя таго, яны выконвалі даволі сьмешныя задачы, як барацьба з тэрарыстамі, зь незаконнымі вайсковымі фармаваньнямі — для Беларусі гэта гучыць даволі недарэчна.

Падобна да таго, што жарты скончыліся і расейцы тут будуць адпрацоўваць пэўнае рэальнае перакідваньне вялікага войска

Але цяпер падобна да таго, што жарты скончыліся і расейцы тут будуць адпрацоўваць пэўнае рэальнае перакідваньне вялікага войска. Бо пагуляць на картах у вайну — гэта адно, а пагрузіць у вагоны сотні адзінак баявой тэхнікі, адпрацаваць, як павінны дзейнічаць склады, чыгунка і гэтак далей — зусім іншае. То бок яны будуць імітаваць перакідваньне сюды большай часткі вялікага вайсковага злучэньня. Мяркую, гэта будзе ня менш як дывізія, хутчэй за ўсё з-пад Ельні, мотастралковая. Танкавую наўрад ці павязуць, бо зашмат танкаў. Што да лічбы ў 4 тысячы вагонаў, дык усё ж думаю, што гэтую лічбу варта падзяліць на 2: сюды і назад. Бо вагоны ж ня будуць чакаць, пакуль манэўры скончацца, звычайна гэта больш за тыдзень. Але і 2 тысячы вагонаў у адзін бок — таксама нямала. Калі палічыць, дык якраз мотастралковую дывізію можна перавезьці такой колькасьцю.

— А навошта сюды везьці цэлую дывізію? Усе ведаюць, што ў Расеі шмат войскаў, у тым ліку сухаземных. Каго можна гэтым зьдзівіць, запалохаць?

— Па-першае, войскам сапраўды трэба вучыцца, адпрацоўваць прыёмы. Ведаю, што ў савецкі час пагрузка тэхнікі была даволі важнай і складанай задачай, але гэта рабілася ня часта і праходзіла заўсёды зь цяжкасьцямі. Памятаю, як самому давялося ўдзельнічаць у такой пагрузцы, дык на ўвесь цягнік адзін прапаршчык ведаў, як адціскаць дрот, якія калодкі патрэбныя пад колавыя і тракавыя машыны, як мацаваць... Маса розных нюансаў, якія трэба ведаць і засвоіць, калі сапраўды рыхтуесься.

Дарэчы, на мінулых сумесных манэўрах, здаецца, у 2013 годзе, расейская брыгада, якая рухалася з-пад Яраслаўлю, выбілася з графіку і нават спазьнілася на манэўры. З той прычыны, што марудна зьбіраліся, марудна грузіліся, былі праблемы з праездам па тэрыторыі Расеі. Карацей, гэта даволі складаная задача — пагрузка на чыгуначны транспарт нават падразьдзяленьня, ня кажучы пра дывізію. Бо войскі павінны рухацца разам з тыламі: калі ўжо гуляць у вайну, дык гуляць.

Але галоўнае, што такія вялікія манэўры будуць адпавядаць палітыцы Пуціна, які перастаў хаваць жалезны кулак у лайкавую пальчатку. Ён адкрыта заявіў, што сіла будзе адыгрываць істотную ролю ў замежнай палітыцы, а раз сіла — дык яе трэба дэманстраваць. Пуцін націскае, у тым ліку праз такую дэманстрацыю сваёй моцы. Ён разьлічвае, што ягоныя, як ён кажа, партнэры акажуцца маральна слабымі, палохае іх, каб былі больш згаворлівымі, ішлі на саступкі. Маю на ўвазе краіны Балтыі, Польшчу, блёк НАТО, Эўразьвяз.

— А вы ня думаеце, што гэтая дэманстрацыя будзе адрасаваная і Беларусі?

Для Расеі гэта ўжо пройдзены этап — палохаць Беларусь

— Яшчэ так, але для Расеі гэта ўжо пройдзены этап — палохаць Беларусь. Наша краіна ўжо настолькі ўцягнутая ў вайсковы саюз з Расеяй, што далей няма куды. Далей толькі паглынаньне, але навошта гэта Пуціну? Кантроль над такой тэрыторыяй запатрабуе не дывізіі, а некалькі арміяў, а з увагі на цяперашнія праблемы Расеі, яе ўцягнутасьць у праблему Крыму, падзеі ў Данбасе, Сырыі, ёй будзе складана. Проста рэсурсаў ня хопіць паўсюль прысутнічаць і навязваць сваю волю.

Таму Расеі забіраць Беларусь пакуль няма патрэбы. Навошта? Усе пагадненьні аб вайсковым саюзе выконваюцца, створаная адзіная рэгіянальная групоўка супрацьпаветранай абароны, дамова пра абʼяднаную групоўку сухаземных войскаў таксама дзейнічае. Вось сумесныя манэўры ў 2017 годзе і будуць праверкай дзеяздольнасьці такой групоўкі, якая павінна ўступіць у справу, калі, прыкладам, «праціўнік з захаду нападзе на Сінявокую».

— А ці могуць расейскія вайскоўцы заказаць вагоны для перакідваньня сюды ракетных комплексаў «Іскандэр»? Як вы ставіцеся да такой вэрсіі?

— Гэта наўрад ці таксама. «Іскандэр» — вельмі мабільны комплекс, навошта яго перавозіць чыгункай у Беларусь, калі б нават такая задача і стаяла? Там усё на аўтамабілях, хуткасьць на шашы — 70 кілямэтраў на гадзіну, запас паліва — на тысячу кілямэтраў, нават па грунтовых дарогах перасоўваецца выдатна. Навошта гэтыя праблемы з пагрузкай-разгрузкай? Пасьля загаду праз 8–10 гадзін расейскія «Іскандэры» прыедуць сюды самі, без чыгункі. Таму ў мяне і застаецца адзіная вэрсія — што заказ такой колькасьці вагонаў зьвязаны толькі з будучымі манэўрамі «Захад-2017». Яшчэ варта нагадаць пра нядаўнія манэўры «Каўказ» у Расеі — там таксама вялікая колькасьць войскаў удзельнічала. То бок Расея ўжо не абмяжоўваецца камандна-штабнымі манэўрамі, а далучае да вучэньняў вялікія масы войска, адпрацоўваюць усё аж да салдата. Яны сурʼёзна вучацца вайсковай справе — як даваў запавет Уладзімер Ленін.

Карэспандэнт Свабоды зьвярнуўся ў прэсавую службу Міністэрства абароны Беларусі па камэнтар да зьвестак пра расейскі тэндэр на 4162 вагоны дзеля вайсковых перавозак у Беларусь. «Без камэнтароў», — адказаў прэсавы сакратар Мінабароны палкоўнік Уладзімер Макараў.

Паводле сайту Мінабароны Беларусі, манэўры «Захад-2017» павінны адбыцца ў верасьні 2017 году. Дзе дакладна пройдуць сумесныя беларуска-расейскія вучэньні і колькі ў іх будзе задзейнічана войскаў, сайт беларускага вайсковага ведамства не паведамляе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG