Бі-Бі-Сі паведамляе, што прыкладна адна траціна з 20 мільярдаў цыгарэтаў, вырабленых цыгарэтнай фабрыкай «Нёман» у Горадні, нелегальна трапляе на рынак Вялікабрытаніі.
Як адзначаюць брытанскія журналісты, у Беларусі пачак такіх цыгарэтаў каштуе ў пераліку 40 пэнсаў, а ў Вялікабрытаніі яго прадаюць за 3 фунты стэрлінгаў. Паводле ацэнак урадавых спэцыялістаў, на гэтым кантрабандным гандлі цыгарэтаў зь Беларусі Вялікабрытанія летась згубіла 2 мільярды даляраў у нявыплачаных падатках.
Брытанскія улады ня маюць доказаў, што цыгарэтная фабрыка «Нёман» у Горадні нейкім чынам заахвочвае кантрабанду сваіх цыгарэтных брэндаў «НЗ», «Менск» і «Фэст», піша аўтар матэрыялу Энгус Кроўфард.
Кроўфард пагутарыў зь літоўскім паліцыянтам Ёнасам, які раней займаўся кантрабандай цыгарэтаў і нават сядзеў за гэта ў турме. Той распавёў брытанскаму журналісту, што галоўная частка цыгарэтнай кантрабанды зь Беларусі нібыта ідзе ў Вялікабрытанію ў дробных партыях, ці то ў багажы пасажыраў самалётаў, ці то ў мікрааўтобусах, у якіх знаходзяцца адмысловыя схованкі дзеля такіх мэтаў. Вялікія партыі нелегальных цыгарэтаў у вялікіх фурах, паводле Ёнаса, перавезьці значна цяжэй.
Энгус Кроўфард паведамляе, што ў Лёндане на працягу дзьвюх гадзінаў яму ўдалося купіць гарадзенскія цыгарэты ад чатырох розных прадаўцоў.