Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як пазбавіцца ад тлушчу на жываце?


Тлушч на жываце — гэта ня толькі эстэтычны недахоп. Тлушч на жываце, таксама вядомы як вісцаральны тлушч, зьмяшчаецца ўнутры брушной паражніны, а гэта вельмі шкодна. Гэты від тлушчу — адзін з асноўных фактараў рызыкі разьвіцьця цукровага дыябэту 2 тыпу і сардэчна-судзінных захворваньняў.

Людзі зь вялікай колькасьцю вісцаральнага тлушчу маюць падвышаную рызыку разьвіцьця гэтых хвароб, нават калі яны агулам выглядаюць тонкімі.

Як дыетоляг павінна адразу папярэдзіць, што пазбаўленьне ад тлучшу на таліі — гэта ня лёгкая задача. Практычна немагчыма дабіцца страты тлучшу выключна на жываце, бо худзеем мы больш-менш раўнамерна па ўсіх частках цела. Аднак, ёсьць некаторыя моманты, якія насамрэч маюць уплыў на тлушч на таліі. Ніжэй — мае парады.

1. Ежце шмат харчовых валокнаў

Харчовыя валокны запавольваюць паступленьне глюкозы ў кроў і такім чынам ратуюць ад прыступаў голаду. Яны таксама ствараюць адчуваньне сытасьці і такім чынам кантралююць вагу. І самае галоўнае, валокны могуць дапамагчы ў барацьбе з тлушчам на жываце. Вялікае назіральнае дасьледаваньне з удзелам больш чым 1100 дарослых паказала, што тыя ўдзельнікі, якія ўзбагацілі свой рацыён дадатковымі 10 грамамі харчовых валокнаў, на працягу 5 гадоў атрымалі зьніжэньне вісцаральнагу тлушчу на 3,7%. Падрабязьней пра тое, у якіх прадуктах утрымліваюцца харчовыя валокны, чытайце тут.

2. Адмоўцеся ад алькаголю

Алькаголь можа быць карысным ў невялікіх колькасьцях, але ён занадта шкодны, калі вы п’яце шмат. Па-першае, алькаголь сам па сабе вельмі калярыйны. Для прыкладу: адзін келіх віна (180 мл) мае ў сярэднім 150 калёрый. Па-другое, алькаголь дзейнічае такім чынам, што мы губляем кантроль, у тым ліку над апэтытам. Як сьледзтва — ямо больш. Па-трэцяе, заўважана, што пры аднолькавым спажываньні калёрый людзі, якія рэгулярна п’юць алькаголь, маюць больш вісцаральнага тлушчу, чым людзі, якія ня злоўжываюць.

3. Пазьбягайце салодкіх напояў

Салодкія напоі ўтрымліваюць шмат фруктозы, якая эфэктыўна павялічвае тлушч на жываце. Дасьледаваньні паказваюць, што салодкія напоі прыводзяць да большай колькасьці тлушчу ў печані і вакол яе. 10-тыднёвае дасьледаваньне паказала, што людзі, якія штодзённа пілі напой, багаты на фруктозу, атрымалі значнае павелічэньне тлушчу ў брушной паражніне. Багатыя на цукар напоі, здаецца, яшчэ горшыя для здароўя і таліі, чым цьвёрдая ежа зь вялікай колькасьцю цукру. Пад салодкімі напоямі маецца на ўвазе ня толькі кава і гарбата з цукрам альбо мёдам, але і газаваныя напоі (кола, фанта, спрайт і г.д.) і нават канцэнтраваныя фруктовыя сокі. Так, шклянка (250) мл яблычнага соку ўтрымлівае 24 г цукру, палова з якога складаецца з фруктозы.

4. Пазбаўцеся ад крыніц хранічнага стрэсу

Стрэс можа прывесьці да павелічэньня тлушчу, таму што ён вымушае наднырачнікі інтэнсіўна выпрацоўваць картызол, таксама вядомы як «гармон стрэсу». Дасьледаваньні паказваюць, што высокі ўзровень картызолу павышае апэтыт і стымулюе захоўваньне тлушчу ў брушной паражніне. Больш за тое, існуе і адваротная сувязь: арганізм жанчын, якія маюць вялікі памер таліі, вырабляе больш картызолу ў адказ на стрэс.

5. Натуральна: рухайцеся!

Страта вагі працякае куды больш эфэктыўна, калі дыета камбінуецца з фізычнай актыўнасьцю. Трэніроўкі высокай інтэнсіўнасьці лепш за ўсё спальваюць тлушч. Дарэчы, каб дамагчыся кропкавай страты вагі (у нашым выпадку — на жываце) я рэкамэндую рабіць практыкаваньні нашча. Завядзіце сабе звычку трэніраваць прэс на працягу 10 хвілін кожную раніцу неўзабаве пасьля абуджэньня. Эфэктыўна!

6. Ну і нарэшце: камбінуйце розныя мэтады

Калі вы жадаеце дамагчыся добрых вынікаў, трэба спалучаць розныя мэтады. То бок, ня толькі ўключыць у свой рацыён больш харчовых валокнаў, але і скараціць колькасьць алькаголю, адмовіцца ад калярыйных напояў, пайсьці ў спартовую залю. На жаль, магічнай пілюлі не існуе. Ні капсулы зь зялёнага чаю, ні ягады годжы не раствараюць тлушч на жываце.

Ну і яшчэ такі момант. У большасьці выпадкаў тлушч адкладаецца не выключна вакол адной вобласьці цела, а вакол некалькіх. Агульная страта вагі прывядзе і да страты лішніх кіляграмаў на жываце. Мае агульныя парады як пахудзець чытайце тут.

Што датычыцца падтрыманьня страчанай вагі, то яна немагчымая бяз зьмены некаторых шаблёнаў: выбар здаровай ежы і здаровага ладу жыцьця павінен быць нязьменным.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG