Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фэрмэр Мікалай Бяльчук, які месяц трымае галадоўку ў СІЗА, трапіў у рэанімацыю


Мікалай Бяльчук у судзе
Мікалай Бяльчук у судзе

Берасьцейскі раённы суд перанёс разгляд справы Мікалая Бельчука за напад на міліцыянта праз тое, што падсудны знаходзіцца на стацыянарным лячэньні. Мікалай Бяльчук месяц трымаў галадоўку ў СІЗА.

Судзьдзя Павал Главацкі абвясьціў перапынак у судзе Мікалая Бельчука да 11 гадзіны 2 сьнежня. Прычынай перапынку стала тое, што падсудны не быў канваяваны ў суд, бо знаходзіцца ў рэанімацыі. Судзьдзя сказаў, што ў суд прыйшоў ліст са сьледчага ізалятару № 7, дзе паведамляецца, што Мікалай Бяльчук 29 лістапада зьмешчаны на стацыянарнае лячэньне ў рэанімацыю Берасьцейскай абласной лякарні.

Судзьдзя атрымаў хадайніцтва ад адвакатаў Мікалая Бельчука аб зьмяненьні меры стрыманьня. Адвакаты просяць, каб падсуднага выпусьцілі з-пад варты на час суду. Судзьдзя заявіў, што без прысутнасьці падсуднага на пасяджэньні ня можа разгледзець гэтае хадайніцтва, але вернецца да яго, калі Мікалай Бяльчук будзе ў залі суду.

Сваякі Мікаля Бельчука, якія прыйшлі на суд, кажуць, што ня ведалі пра тое, што ён трапіў у лякарню. Бацька Мікалая, Іван Бяльчук, лічыць, што пагаршэньне здароўя сына зьвязанае з тым, што ён цягам месяцу трымае галадоўку ў СІЗА.

Мікалая Бельчука судзяць за інцыдэнт, які адбыўся 9 траўня 2014 году, калі ў Бельчукоў здарыўся канфлікт з супрацоўнікам ДАІ Сяргеем Неліповічам праз самаробны трактар у вёсцы Страдзеч Берасьцейскага раёну.

Міліцыянт сьцьвярджае, што ў дачыненьні да яго прымянілі сілу. Брат Мікалая Аляксандар Бяльчук за гэта быў асуджаны ў 2014 годзе да двух месяцаў арышту. Мікалай пакараны ня быў, аднак праз два гады, 12 кастрычніка 2016 году, за ім у вёску Арлянка Маларыцкага раёну прыехалі міліцыянты. У гэты дзень у Бельчукоў здарыўся канфлікт з супрацоўнікамі міліцыі, у выніку якога амапаўцы нават ужылі табэльную зброю. Бельчукі ж кажуць, што ня ведалі, што гэта былі міліцыянты, бо яны не былі ў форме і не прадстаўляліся, але забіралі Мікалая. У выніку гэтага канфлікту на Аляксандра Бельчука была заведзеная крымінальная справа за супраціў міліцыянтам, цяпер ён знаходзіцца ў СІЗА.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG