Пра гэта паведамляе ZN.UA са спасылкай на крыніцы ў Мінабароны Ўкраіны.
Паводле інфармацыі крыніцы, гэта вынікае зь ліста Міністэрства абароны Расеі, адрасаванага вайсковым аташэ ў складзе амбасады Ўкраіны ў Расеі.
У лісьце, датаваным 26 лістапада, у прыватнасьці, гаворыцца пра тое, што калі Ўкраіна правядзе падобныя выпрабаваньні, то расейскі бок, па-першае, будзе зьбіваць ўкраінскія ракеты, па-другое, нанясе ўдар па ўкраінскіх пускавых устаноўках.
25 лістапада Мінабароны запрасіла аташэ па пытаньнях абароны пры амбасадзе Ўкраіны ў Расеі для ўручэньня вайскова-дыпляматычнай ноты ў сувязі з плянамі Ўкраіны правесьці ракетныя выпрабаваньні побач з Крымам.
«У перададзеным яму (аташэ ў пытаньнях абароны) дакумэнце выказаны пратэст Мінабароны Расеі ў сувязі з увядзеньнем украінскім бокам незаконных абмежаваньняў на выкарыстаньне 1 і 2 сьнежня 2016 году паветранай прасторы над акваторыяй Чорнага мора на захад ад узьбярэжжа Крымскага паўвострава для правядзеньня ракетных выпрабаваньняў», — сказалі ў вайсковым ведамстве Расеі.
У адказ сакратар Савету нацыянальнай бясьпекі і абароны Аляксандар Турчынаў папрасіў Расею не панікаваць з прычыны ракетных выпрабаваньняў Украіны. Ён падкрэсьліў, што Ўкраіна будзе праводзіць іх згодна з усімі міжнароднымі абавязацельствамі і дамовамі ў сваёй сувэрэннай паветранай прасторы.
30 лістапада стала вядома, што Расея перакінула ў Крым зэнітна-ракетны комплекс С300-ВМ. Валянтэры выведнай супольнасьці InformNapalm ідэнтыфікавалі тэхніку як зэнітна-ракетны комплекс С-300ВМ «Антэй-2500». Гэта сыстэма СПА з магчымасьцю барацьбы з балістычнымі ракетамі малой і сярэдняй далёкасьці (да 2500 км). Таксама сыстэма прызначана для паразы сучасных і пэрспэктыўных самалётаў тактычнай і стратэгічнай авіяцыі, балістычных ракет сярэдняй далёкасьці, апэратыўна-тактычных і тактычных ракет.