Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ксэнафобія» — слова 2016 году паводле Dictionary.com


Акцыя супраць расізму й ксэнафобіі ў Менску, 2009 год
Акцыя супраць расізму й ксэнафобіі ў Менску, 2009 год

Адзін з найбуйнейшых анлайн-слоўнікаў ангельскай мовы Dictionary.com назваў «словам году» назоўнік «ксэнафобія», які азначае нянавісьць або боязь нечага альбо некага чужога, інакшага — у тым ліку боязь іншаземцаў, людзей іншых культураў. У ангельскую мову яно трапіла ў XIX стагодзьдзі, паходзіць ад грэчаскіх словаў ξένος — «чужынец» і φόβος — «страх».

«Страх — гэта адаптыўная частка чалавечай эвалюцыі, ён часта ўплывае на паводзіны і ўспрыманьне на падсьвядомым узроўні. Але ў гэтым канкрэтным годзе назіралася выплываньне на паверхню страху ў культурным дыскурсе, — тлумачаць укладальнікі слоўніка. — Паколькі цікавасьць нашых карыстальнікаў узрасла так рэзка да аднаго слова, як сьведчаць нашы зьвесткі аб пошуку, „ксэнафобія“ — слова году паводле Dictionary.com».

Найвышэйшы пік пошукавай цікавасьці да слова назіраўся на сайце 24 чэрвеня — у дзень пасьля рэфэрэндуму пра выхад Вялікай Брытаніі з Эўразьвязу («брэкзіт») тлумачэньне слова шукалі на 938% часьцей, чым звычайна. Таксама пік назіраўся ў дзень прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША.

Таксама пасьля рэфэрэндуму пра брэкзіт карыстальнікі значна часьцей шукалі, што такое hate crime — так у ангельскай мове называюць злачынства на глебе расавай, этнічнай, рэлігійнай, сэксуальнай або палітычнай нянавісьці. Брытанскае Міністэрства ўнутраных спраў, згадваюць укладальнікі слоўніка, адзначыла рост такіх злачынстваў на 41% пасьля рэфэрэндуму.

Летась Dictionary.com адзначыў назоўнік «ідэнтычнасьць», зьвярнуўшы ўвагу на цікавасьць да расавай і гендэрнай ідэнтычнасьці.

Розныя слоўнікі і ўстановы штогод называюць свае «словы году». Так, сёлета сваім «словам году» Оксфардзкі слоўнік назваў назоўнік «постпраўда» — эпоху разьвіцьця масавых камунікацыяў, пры якой абʼектыўныя факты неістотныя для грамадзкай думкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG