На Магілёўшчыне Бялынічы і Круглае стануць гарадамі. Савет Міністраў Беларусі даў дазвол абласному савету дэпутатаў прыняць рашэньне пра наданьне пасёлкам гарадзкога тыпу новага статусу. Як паўплываюць зьмены на жыцьцё абодвух райцэнтраў, інфармацыі няма. Насельніцтва чакае гэтых зьменаў. Многія лічыць, што гарадзкі статус прывядзе да падаражаньня жыцьця.
Бялынічы і Круглае знаходзяцца на захадзе Магілёўшчыны. Два райцэнтры злучаныя ракой Друць. Гісторыя Бялынічаў і Круглага сягае ў ХVI стагодзьдзе. Чым адметныя іхныя мінуўшчына і сучаснасьць?
Бялынічы ўжо былі горадам — з магдэбурскім правам
Бялынічы 400 гадоў таму ўжо былі горадам. Прывілей на самакіраваньне прыватнаўласьніцкаму мястэчку дараваў кароль Уладзіслаў Ваза 4 кастрычніка 1634 году. Гэтая падзея адзначаная інфармацыйнымі дошкамі ў сквэрыку, што на ўезьдзе ў Бялынічы, і на будынку раённай бібліятэкі.
Па атрыманьні магдэбурскага права, кажуць дасьледнікі, горад імкліва разьвіваўся. Ён стаў уплывовым гандлёвым і рамесьніцкім асяродкам. У мясцовым кляштары кармэлітаў выдаваліся кнігі. У сьвятыні захоўваўся вядомы абраз Маці Божай Бялыніцкай, таму горад быў месцам паломніцтва як каталіцкіх, так і праваслаўных вернікаў.
У цяперашніх Бялынічах прыежджаму чалавеку кідаецца ў вочы мноства прыватных крамаў. Найбольш іх сканцэнтравана на вуліцы Калініна.
«У нас сапраўды нямала індывідуальных прадпрымальнікаў. Яны ня толькі гандлююць, але маюць свае вытворчасьці. Ёсьць аўтамайстэрні, — кажа адзін зь бялыніцкіх бізнэсоўцаў. — Людзі не спадзяюцца на дзяржаву, і найбольш кемлівыя рызыкуюць (бо самі ведаеце, якое стаўленьне ў Беларусі да дробнага бізнэсу), але распачынаюць сваю справу. Нямала жыхароў Бялынічаў выяжджае на заробкі ў Расею. Там хоць і зарабляюць значна меней, чым раней, але ўсё роўна болей, чым на радзіме. Што тут мужчыну рабіць, калі выходзіць 200-300 рублёў? Гэта ж зьнявага. Як на гэтыя грошы карміць сям’ю?».
Шмат крамаў на вуліцы Калініна выкарыстоўваюць у афармленьні беларускую мову. Некаторыя з уладальнікаў адзначаюць: так яны вылучаюцца сярод канкурэнтаў.
«Пакупнікі зьвяртаюць увагу на беларускія шыльды. Некаторых нават гэта падахвочвае гаварыць па-беларуску. Канфліктаў, выкліканых беларускай мовай, няма. Тутэйшая беларускамоўнасьць арганічная, натуральная», — даводзіць сваю пазыцыю прадпрымальнік, які беларусізаваў свой бізнэс.
Магдэбурскімі прывілеямі жыхары Бялынічаў карысталіся да 1803 году. Пасьля скасаваньня месьцічы судзіліся з расейскімі ўладамі, каб іх вярнуць. Цяжба доўжылася 29 гадоў. Расейскі суд прызнаў дакумэнты на самакіраваньне несапраўднымі, а тых, хто адстойваў гарадзкія правы, залічылі ў прыгонныя.
Статус гораду палохае
Цяперашнія бялыніцкія людзі гарадзкі статус райцэнтру ўспрымаюць з асьцярогай. Многія, з кім давялося пагутарыць, ня ўтойвалі, што чакаюць падвышэньня падаткаў. Некаторыя жыхары такія чаканьні фармулявалі ў ёмістых эпітэтах.
«Ды ні храна лепей ня будзе, — выказаўся мужчына на вуліцы імя Янкі Купалы. — Жылі ў гарадзкім пасёлку і працягвалі б жыць. Уладзе ўсё мала, вось і задумала зрабіць Бялынічы горадам. Калі што і зьменіцца, дык у горшы бок. Падаткі павялічаць. Тут жывуць людзі, як і ва ўсёй Беларусі, кепска».
«Ды якая ўжо розьніца, будзем мы гарадзкімі ці вясковымі. Жыцьцё ж не палепшае, — прадоўжыла думку мужчыны жыхарка Бялынічаў з вуліцы Беларускай. — Каб улады хаця напісалі ў раённай газэце, што памяняецца. Скажам, гэтак было, а гэтак стала. Ды на такое райвыканкам не адважыцца, а мы не дачакаемся. Пра перамены даведаемся, як плаціць пойдзем за свае хаты».
Савецкі цэнтар і беларусізаваныя ўскрайкі
Бялынічы застаюцца адзіным райцэнтрам на Магілёўшчыне, у якім грамадзкасьць дамаглася ўвечненьня ў назвах вуліц вядомых беларускіх дзеячоў. Тут ёсьць вуліцы імя Астроскага, Сапегі, Каліноўскага. Гэтыя вуліцы — на ўскрайку былой вёскі Бярозаўкі, якую ня так даўно далучылі да райцэнтру. Яна за Друцьцю, далёка ад гістарычнай часткі Бялынічаў.
Вуліца Янкі Купалы ў саміх Бялынічах збольшага заасфальтаваная. Яна ў разы большая за аднайменную ў Магілёве.
На вуліцы Беларускай два хлопцы завіхаліся ў гаражы. На іхных машынах красаваліся «Пагоні».
«Жывём на вуліцы Беларускай, і ня мець „Пагоні“ — недарэчнасьць, — кажуць мясцовыя. — Мы беларусы, а „Пагоня“ — сымбаль беларускасьці».
Тое, што Бялынічы неўзабаве стануць горадам, суразмоўцаў не палохае.
«Як жылі тут, так і будзем жыць», — сказалі яны.
На вуліцы Савецкай разьмешчаныя галоўныя дзяржаўныя ўстановы райцэнтру. Тут жа мастацкі музэй Вітольда Бялыніцкага-Бірулі. Перад будынкам музэю — бюст мастака.
Непадалёк праваслаўная царква, узьведзеная, як сьцьвярджаюць дасьледнікі даўніны, на пляцы каталіцкага кляштара, у якім выдаваліся кнігі.
На Ільінскай гары, на якой пачаліся Бялынічы і якая ўзвышаецца па-над друцкім поплавам, зьнікла адна з інфармацыйных шыльдаў. Ад яе на камяні застаўся толькі знак. Увагу прыцягвае каменны замшэлы крыж. Тутэйшыя людзі кажуць, што ён на гары здавён.