Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці пачалася супраць Беларусі інфармацыйная вайна?


Чаму расейскія тэлеканалы ў сваіх ток-шоў усё часьцей крытычна зьвяртаюцца да беларускай тэматыкі? Ці азначае гэта пачатак інфармацыйнай вайны супраць Беларусі? Ці могуць гэтаму што-небудзь супрацьпаставіць беларускія ўлады? На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды адказваюць палітычны аглядальнік Паўлюк Быкоўскі і журналіст газэты «Наша Ніва» Арцём Гарбацэвіч. Вядзе перадачу Віталь Цыганкоў.

Цыганкоў: Апошнія дні ў беларускіх СМІ і сацыяльных сетках вельмі актыўна абмяркоўваюць некалькі перадач, прысьвечаных беларускай тэматыцы, што зьявіліся на расейскіх тэлеканалах. Пытаньне, якое многія цяпер ставяць — ці можна сказаць, што пэўныя колы ў Расеі пачынаюць інфармацыйную вайну супраць Беларусі? Ці гэта проста выпадак, якія пакуль рана называць тэндэнцыяй?

Быкоўскі: Нельга не адзначыць, што гэтая перадача зьявілася на Першым расейскім фэдэральным канале. А гэта не маргінальныя рэсурсы, пра якія нельга ўпэўнена сьцьвярджаць, што яны адлюстроўваюць пазыцыю Крамля. Пакуль складана сказаць, ці будзе мець працяг гэтая адзінкавая зьява.

Паўлюк Быкоўскі
Паўлюк Быкоўскі

У перадачы, якая стала прадметам нашага абмеркаваньня, праводзіліся наўпроставыя паралелі з тым, што «недаглядзелі за Ўкраінай, цяпер трэба глядзець, каб ня страціць Беларусь». Такія падыходы і настроі прысутнічаюць і трансьлююцца галоўнымі расейскімі тэлеканаламі.

Цыганкоў: Арцём, вы стала адсочваеце, што пішуць расейскія СМІ на беларускую тэму. Ці заўважылі вы за апошні час нейкую актывізацыю ў гэтым накірунку, абвастрэньне рыторыкі? Ці тут усё, як звычайна?

Гарбацэвіч: Я думаю, цяперашняя сытуацыя — гэта вынік таго, што ў Пуціна і Лукашэнкі разышліся меркаваньні па нейкіх прынцыповых палітычных пытаньнях. Плюс расейскім мэдыям трэба ўвесь час падтрымліваць градус варожасьці, градус агрэсіі. І тут новая тэма ім заўсёды на руку. Пакуль будзе захоўвацца напружаньне і няпэўнасьць у расейска-беларускіх адносінах, то такія перадачы будуць працягвацца.

Арцём Гарбацэвіч
Арцём Гарбацэвіч

Паводле нашай інфармацыі, калі Пуцін і Мядзьведзеў прыяжджалі ў Менск, то яны настойвалі, каб Лукашэнка падпісаў варыянт дамовы аб ЕАЭС, які выгадны Расеі. Але Лукашэнка не падпісвае, і гэта ёсьць асноўны момант рознагалосьсяў цяпер паміж Беларусьсю і Расеяй.

Цыганкоў: Калі ў 2010 годзе ў расейскім тэлеэфіры былі фільмы «Хросны бацька», то гэта было відавочна дазволена Крамлём. Цяпер пакуль далёка да таго ўзроўню, таму і пытаньне застаецца адкрытым — ці проста расейскія СМІ традыцыйна хочуць зрабіць нешта «гарачае» і шукаюць новую тэму, ці гэта сплянаваная кампанія?

Быкоўскі: Я хацеў бы правесьці пэўнае адрозьненьне ад 2010 году. Тады «Хроснага бацьку» паказваў адзін, прыватны, канал — НТВ, які фармальна не зьяўляецца дзяржаўным. Так што тады можна было адмяжоўвацца і гаварыць, што гэта, маўляў, не пазыцыя Крамля, а прыватная рэдакцыйная палітыка. Што да Першага каналу, то такога адмежаваньня зрабіць не атрымаецца.

Калі казаць пра градус настрою, то яны даволі кансэрватыўныя ў грамадзтве. І калі зьяўляюцца нейкія грамадзкія меркаваньні, што «брат ужо ня брат, сябар ужо ня сябар» — то такія меркаваньні замацоўваюцца ў грамадзтве на даволі працяглы час. У той перадачы трансьляваліся ўсе нэгатыўныя стэрэатыпы пра беларусаў, была спроба паказаць, што «колькі іх не кармі, а яны на Захад глядзяць». Меркаваньне, што Расея корміць Беларусь, досыць распаўсюджанае ў Расеі, і яно ёсьць фактам масавай сьвядомасьці.

Цыганкоў: Які ўплыў можа аказваць такая прапаганда на беларускую масавую сьвядомасьць? Беларусы ў значнай ступені жывуць у расейскім інфармацыйным полі, глядзяць расейскія тэлеканалы. Ці пагодзяцца яны з тым, што трансьлююць расейскія тэлеканалы?

Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў

Гарбацэвіч: Ёсьць сацыялягічныя дадзеныя, што лідэрам на беларускім рэклямным рынку паводле ахопу аўдыторыі зьяўляецца канал НТВ, ён мае каля 18 працэнтаў. Гэта даволі вялікі ўплыў. Але паколькі нашыя ўлады навучыліся выкарыстоўваць мэханізм блякаваньня — то самыя адыёзныя выпады будуць проста выразацца з эфіру. Але, зь іншага боку, расейцы навучыліся ціхенька ўпіхваць сваю прапаганду нават ў такія праграмы, дзе не падумаеш, што яна там ёсьць.

Для Беларусі вельмі важна ўзмацняць нацыянальныя дзяржаўныя тэлеканалы, і гэта мусяць зразумець у Міністэрстве інфармацыі (хаця, здаецца, там ужо зразумелі). Бо калі холдынг Давыдзькі, дзе столькі тэлеканалаў, ня могуць абагнаць адзін замежны — то гэта вельмі вялікая праблема для нас.

Быкоўскі: Ёсьць НТВ і НТВ-Беларусь. Першы ў Беларусі глядзяць 21 працэнт, а НТВ-Беларусь — 48 працэнтаў. І там сапраўды руку на рубільніку трымаюць беларускія ўлады — як і зь іншымі расейскімі каналамі. І калі беларускія ўлады ня бачаць пагрозы ў тым зьмесьце, які прысутнічае на гэтых каналах, то і рубільнік яны не выкарыстоўваюць.

Цыганкоў: Калі Менск і Масква дамовяцца па тым жа газавым пытаньні, ці можна чакаць, што гэтыя тэленападкі спыняцца?

Быкоўскі: Цяпер сытуацыя памянялася. Ня толькі кропкавыя выпады супраць Менску прысутнічаюць у расейскіх мэдыях. Хутчэй ідзе зьмена фокусу. Калі раней лічылася, што тут усё добра і пад кантролем, то цяпер ёсьць такая пільная ўвага, каб не згубіць уплыву на Беларусь. І калі значная частка расейскага грамадзтва ўспрымае жыцьцё ў чорна-белых танах, сябры і ворагі, — то вельмі лёгка ўчорашняга сябра пераўтварыць у ворага.

Для людзей больш сталага веку савецкае выхаваньне амаль не пакінула ніякага выйсьця, ім вельмі складана самастойна разьмежаваць, што ёсьць беларускае, а што расейскае. Калі браць маладое пакаленьне, то яно звыклася ўжо жыць у незалежнай дзяржаве і ўспрымае гэта як дадзенасьць.

Гарбацэвіч: Расея хоча ўплываць і на маладое пакаленьне. Але атрымліваецца ў іх пераважна ўплываць толькі на старэйшых. Бо моладзь тэлеканалы расейскія не глядзіць — і калі б мы не пісалі пра гэта, то можа ніхто б і ня ведаў.

І тут наша агульная задача ўсяго грамадзтва — не пераходзіць пэўныя межы, не правакаваць Расею. Ніякай русафобіі быць не павінна. Як адказаў Лукашэнка падчас прэсавай канфэрэнцыі на закіды ў «беларусізацыі» — «дык а што нам, анямечваньне праводзіць?» Вельмі важна не ствараць канфрантацыі — мы з вамі сябруем, але жывем сваім жыцьцём.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG