Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ярмошына заўважыла падабенства паводзінаў Лукашэнкі і Трампа


Лідзія Ярмошына
Лідзія Ярмошына

Інфармагенцтва БелаПАН публікуе фрагмэнты інтэрвію старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзіі Ярмошынай, у якім яна распавядала, што не галасавала за Лукашэнку ў 1994 годзе.

Ярмошына распавяла БелаПАН, што бачыць падабенства пераможцы прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША Дональда Трампа і кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі «ў манэры паводзінаў, канкрэтнасьці і адназначнасьці». Яна мяркуе, што абодва палітыкі «спадабаюцца адзін аднаму як пэрсоны».

«Як пра палітыка казаць пра Трампа пакуль не магу, але як асоба ён, вядома, яскравы, — казала Ярмошына. — Быць можа, гэтая яскравасьць і не заўсёды станоўчая, але ўсё роўна гэта яскравасьць. Трамп канкрэтны. Пры гэтым канкрэтыка заўсёды мае на ўвазе нейкую рэзкасьць, паколькі немагчыма быць прамым і не закрануць нечыя інтарэсы. У грамадзтве ў апошні час зьявіўся попыт на канкрэтных палітыкаў і людзей агулам. Тых, каго ва ўжытку мы называем сапраўднымі мужыкамі».

Таксама Ярмошына заявіла, што ня ведае, ці пойдзе на пэнсію пасьля сьнежня 2016 году, калі ў яе сканчаецца цяперашні тэрмін паўнамоцтваў: ейныя пляны «залежаць ад плянаў наймальніка».

Яна мяркуе, што магла б стаць дэпутатам, хоць цяперашняя праца «кіраўніка карлікавага, але ведамства» ёй больш цікавая. Ды яна лічыць, што дэпутаты мінулага скліканьня былі «занадта сьціплымі», «заціснутымі», хоць гэткі парлямэнт лічыць лепшым за Вярхоўны савет сярэдзіны 1990-х.

Ярмошына акрамя таго распавяла, што любіць пляткарыць, бо «ўсе пляткараць», але яе раздражняюць «бабскія размовы»: «як катлеты доўга смажылі, як мяса куплялі». Яна кажа, што любіць быць у адзіноце, тады думае, марыць, сузірае. Так склалася, што цяпер яна без каханага мужчыны, але «не адчувае сябе няшчаснай праз гэта».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG