У Турэччыне ў аўторак, 22 лістапада, пазбавілі працы 15 653 чыноўнікаў і закрылі 375 няўрадавых арганізацыяў ды 9 СМІ, піша дзяржаўнае інфармагенцтва Anadolu.
Нібыта за сувязі зь нелегальнымі арганізацыямі звольнілі 7,5 тысячы афіцэраў паліцыі, па чатыры сотні супрацоўнікаў Галоўнага камандаваньня жандармэрыі і камандаваньня паветранымі сіламі, 1259 чалавек — з камандаваньня наземнымі сіламі, амаль 2700 супрацоўнікаў Міністэрства ўнутраных спраў, 752 — зь Мінздароўя, 453 — зь Мінфіну, 131 — зь Міністэрства сям’і і сацыяльнай палітыкі, 119 — з Мінадукацыі, амаль 1200 супрацоўнікаў унівэрсытэтаў і гэтак далей.
Такія захады ў Турэччыне прынятыя ў межах надзвычайнага становішча, абвешчанага пасьля спробы дзяржаўнага перавароту 15 ліпеня. Усяго ў Турэччыне было забаронена амаль 1500 няўрадавых арганізацыяў (зарэгістравана ж 110 тысяч НДА), са дня спробы перавароту працу страцілі больш як 100 тысяч чалавек (насельніцтва Турэччыны — каля 75 млн), ня менш за 45 тысяч чалавек былі арыштаваныя.