Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка — Пуціну: Ёсьць апэратыўныя пытаньні, якія мы павінны хутка вырашаць


Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

22 лістапада ў Маскве кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка сустрэўся з прэзыдэнтам Расеі Уладзімерам Пуціным.

Лукашэнка заявіў, што цяпер даволі бурлівыя часы, калі то з аднаго, то з другога боку накатваюць рознага кшталту крызісы.

«Мы не ізаляваныя ад гэтага. Ёсьць апэратыўныя пытаньні, якія мы павінны хутка вырашаць».

Лукашэнка выказаў упэўненасьць, што разам з Пуціным, як гэта было і раней, ён прыме правільныя рашэньні.

Пуцін заявіў, што скарачэньне беларуска-расейскага тавараабароту зьяўляецца часовай зьявай.

«Мы з вамі сустракаемся рэгулярна і досыць часта, і заўсёды нам ёсьць пра што гаварыць, таму што абʼём нашых адносінаў вялікі», — цытуе «РИА Новости» Пуціна.

Ён сказаў, што Расея застаецца гандлёва-эканамічным партнэрам нумар адзін для Беларусі:

«Праўда, маючы на ўвазе вядомыя ўсім нам абставіны, у мінулым годзе было невялікае зьніжэньне, і ў першым паўгодзьдзі гэтага году таксама ёсьць невялікае. Але зыходзім з таго, што гэта ўсё зьявы часовыя».

Паводле Пуціна, у рамках дзейных інстытутаў Расея і Беларусь у стане «ўсё аднавіць і рухацца далей».

Прэзыдэнт Расеі заўважыў, што нагода для прыезду Лукашэнкі прыемная — юбілей патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла.

«Але, вядома, як звычайна бывае, любую магчымасьць мы выкарыстоўваем для дзелавых дыскусій, для абмеркаваньня нашых бягучых спраў і плянаў на пэрспэктыву», — сказаў Пуцін.

Перад пачаткам сустрэчы ў Крамлі Лукашэнка і Пуцін наведалі храм Хрыста Збаўцы, дзе павіншавалі з 70-годзьдзем патрыярха Кірыла.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG