Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дырэктара беларускамоўнай гімназіі пакаралі ўмоўна


Дырэктар менскай гімназіі № 4 Юры Бандарэнка, архіўнае фота
Дырэктар менскай гімназіі № 4 Юры Бандарэнка, архіўнае фота

Суд пакараў былога дырэктара менскай беларускамоўнай гімназіі № 4 Юрыя Бандарэнку 2 гадамі пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай на 2 гады і канфіскацыяй маёмасьці.

Суд прызнаў былога дырэктара гімназіі № 4 вінаватым у атрыманьні хабару і асудзіў на 2 гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай на 2 гады і канфіскацыяй маёмасьці. Таксама Бандарэнку забаранілі на 5 гадоў займаць кіроўныя пасады. Пракурор прасіў суд пакараць Юрыя Бандарэнку 4 гадамі «абмежаваньня волі».

На судзе Юры Бандарэнка прызнаў сваю віну ў атрыманьні 500 даляраў хабару ад бацькі вучня за тое, што залічыць яго ў гімназію па-за конкурсам.

«Ня ведаю, што на мяне найшло. Вырашыў узяць грошы на свае патрэбы», — казаў падсудны. Пры гэтым Юры Бандарэнка настойваў на тым, што ўзяў хабар упершыню. Іншых эпізодаў, датычных экс-дырэктара гімназіі, сьледзтва не прадставіла.

Сьведка, які даваў грошы для ўладкаваньня сына ў гімназію, распавёў суду, што Бандарэнка сам запрасіў у яго грошы. Паводле сьведкі, дырэктар гімназіі запатрабаваў 500 даляраў, але ён быў згодны даць толькі 200, аднак за такія грошы дырэктар дапамагаць спачатку адмовіўся. Праз тыдзень яны ўсё ж дамовіліся на хабар 500 даляраў. Пры атрыманьні гэтых грошай экс-дырэктар быў арыштаваны супрацоўнікамі КДБ у жніўні 2016 году.

У экс-дырэктара, паводле суду, будзе канфіскаваная маёмасьць. Сярод яе — два аўтамабілі, загарадны дом і лецішча, зямельны ўчастак у Валожынскім раёне, кватэра ў Менску.

Юры Бандарэнка не адказаў на пытаньне карэспандэнта Свабоды, ці будзе ён абскарджваць прысуд. Адвакат экс-дырэктара гімназіі сказаў: «Без камэнтароў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG