Мэмарандум, які апынуўся ў распараджэньні The Times, таксама паведамляе, што ўрад працуе над 500 праектамі, якія маюць дачыненьне да выхаду з Эўразьвязу, і можа мець патрэбу дадаткова ў 30 тысячах дзяржаўных службоўцаў, каб усё выканаць. Тым ня менш, як адзначаецца ў дакумэнце, да гэтага часу няма агульнай стратэгіі выхаду «з-за рознагалосьсяў у кабінэце міністраў».
У мэмарандуме ад 7 лістапада таксама крытыкуецца прэмʼер-міністар Тэрэза Мэй за яе тэндэнцыі «ўцягвацца ў рашэньні і дэталі, каб урэгуляваць справы самой». Прэс-сакратар ураду сказала, што «не прызнае» заявы, зробленыя ў мэмарандуме, які быў падрыхтаваны неназваным кансультантам. Паводле яе, урад не замаўляў гэтага мэмарандуму.
Мэй спадзяецца да канца сакавіка ўвесьці ў дзеяньне артыкул 50 Лісабонскай дамовы, які прадугледжвае пачатак двухгадовых перамоў па выхадзе Брытаніі з Эўразьвязу.