Міністэрства абароны Расеі пацьвердзіла, што адзін са зьнішчальнікаў, які вылецеў з борту крэйсэра «Адмірал Кузьняцоў», зваліўся ў мора. Лётчыку ўдалося катапультавацца, адзначылі ў ведамстве.
«Пры правядзеньні трэніровачных палётаў у выніку тэхнічнай няспраўнасьці падчас заходу на пасадку за некалькі кілямэтраў да авіяносца „Адмірал Кузьняцоў“ адбылося авіяцыйнае здарэньне з палубным зьнішчальнікам Міг-29К», — перадае «Інтэрфакс» заяву Мінабароны.
У ведамстве адзначылі, што расейская авіяносная група ў Міжземным моры «дзейнічае паводле пляну, нягледзячы на здарэньне з Міг-29К».
Раней пра аварыю паведаміў тэлеканал Fox News са спасылкай на крыніцы ў амэрыканскай выведцы. Паводле дадзеных тэлеканалу, у аднаго са зьнішчальнікаў у паветры ўзьніклі «мэханічныя праблемы». Пілёт разьвярнуў машыну ў кірунку крэйсэра, але даляцець да палубы яму не ўдалося. Зьнішчальнік упаў у ваду. Пілёт катапультаваўся, яго падабраў выратавальны самалёт.