Падчас паездкі ў Магілёўскую вобласьць Аляксандар Лукашэнка выказаўся пра перамогу Дональда Трампа на прэзыдэнцкіх выбарах у ЗША. Ён распавёў, як пісаў Трампу, што той можа ўвайсьці ў гісторыю ЗША, вырашыўшы шэраг праблемаў дзяржавы, перадае БЕЛТА.
«Ён можа трапіць у гісторыю, калі сапраўды за час прэзыдэнцтва страсяне Амэрыку, — заявіў Лукашэнка пра Трампа. — Людзі былі даведзеныя да таго, што рабочая кляса за яго прагаласаваў, нягледзячы на тое, што ён багацей. То бок унутры Амэрыкі насьпелі вельмі сур’ёзныя праблемы. І ў яго галоўнай задачай будзе рашэньне гэтых унутраных праблемаў. І ня толькі за кошт друкаваньня даляраў, таму што гэта таксама будзе мець нэгатыўныя наступствы».
Таксама Лукашэнка заявіў, што «пэўны заняпад і апатыя відаць у ЗША няўзброеным вокам», — ён згадаў пра свой візыт у Нью-Ёрк летась, «вонкавы выгляд і недагледжанасьць тэрыторыі па дарозе»:
«Гэта ня тая Амэрыка, якую я бачыў гадоў дзесяць таму. Людзі ж ацэньваюць стан справаў адразу, як выходзяць з самалёта».
Пасьля публікацыі папярэдніх вынікаў выбараў Лукашэнка павіншаваў Дональда Трампа і выказаў спадзяваньне на паляпшэньне стасункаў Беларусі і ЗША, пажадаў энэргіі і настойлівасьці ў выкананьні перадвыбарчых абяцаньняў.
«У нас нядрэнна пайшлі справы з амэрыканцамі, — працягнуў ён сёньня ў Магілёве. — Мы зь імі ў кантакце, вядзем гэты дыялёг, цалкам захоўваючы наш сувэрэнітэт і незалежнасьць. Яны зразумелі, што больш пытаньне „з Расеяй ці з Захадам“ ставіць нельга. Але ў нас ёсьць інтарэсы ў Амэрыцы. У іх ёсьць інтарэсы ў Беларусі. Давайце тут дамаўляцца. Думаю, мы на гэтым шляху зможам прасунуцца».
Разважаючы пра палітыку, якую на прэзыдэнцкай пасадзе будзе праводзіць Дональд Трамп, Аляксандар Лукашэнка адзначыў, што яна будзе адрозьнівацца ад таго, што можна было бачыць з падачы СМІ.
«Мы не былі ў яго на перадвыбарных сходах, у цэлым ня бачылі і ня чулі, што ён казаў, а СМІ скажалі ягоныя заявы. Таму пажывём — пабачым. Але галоўнае — гэта ўнутраныя праблемы, якія яму давядзецца вырашаць, — лічыць Лукашэнка. — Трамп павінен быў быць прэзыдэнтам у гэтай краіне, і ён стаў прэзыдэнтам».
Адначасова Лукашэнка мяркуе, што ня ўсё з заяўленага ў ходзе перадвыбарчай кампаніі будзе рэалізавана менавіта так. Адзін з прыкладаў — заявы пра будаўніцтва сьцяны на мяжы ЗША і Мэксыкі.
«Гэта было вобразнае выказваньне — каб абараніць амэрыканскае грамадзтва ад пранікненьня рознага кшталту непажаданых элемэнтаў, — адзначыў беларускі лідэр. — У чым ня мае рацыі Трамп? Абсалютна мае рацыю. Але ён па-папулісцку выказаўся. Потым паправіў: не, дзе-нідзе будзе плот, а дзе-нідзе наогул нічога ставіць ня трэба, таму што там ніхто ніколі ня пойдзе».
Тое ж самае, паводле слоў Лукашэнкі, тычыцца і рыторыкі ў дачыненьні да дзейнага прэзыдэнта ЗША Барака Абамы да і пасьля выбараў. Што тычыцца непасрэдна выніку выбараў у ЗША, Аляксандар Лукашэнка расказаў, што прадчуваў магчымасьць перамогі Дональда Трампа яшчэ некалькі месяцаў таму, назіраючы за ходам выбарчай кампаніі.
«Я адчуваў, што Трамп можа перамагчы перш за ўсё з-за таго, што Амэрыка яшчэ не гатовая абраць прэзыдэнтам жанчыну», — сказаў Лукашэнка.