Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Клінтаніхі» ня будзе


Севярын Квяткоўскі
Севярын Квяткоўскі

Знаёмы дызайнэр пачаў рабіць т-шоткі з «рунамі» — з асобнымі элемэнтамі беларускага арнамэнту. Кажу, хачу вось такую. Але прашу патлумачыць, які сэнс закадаваны ў знаку. «Табе не ўсё роўна? — Пытаецца. — Галоўнае ж пазначыць сваю беларускасьць».

Я настаяў, дызайнэр знайшоў значэньне. Цяпер калі ў мяне пытаюць, што за выява, тлумачу — знак разьвіцьця. Адказ ня надта задавальняе, бо людзі разумеюць, што не для «разьвіцьця» я нашу «руну». Зразумела, што хачу пазначыць сваю беларускасьць. Думаю, мы абодва з дызайнэрам маем рацыю. Ведаць трэба, але гэта ня значыць выкарыстоўваць веду непасрэдна па прызначэньні.

«Здаецца, калі я яшчэ раз прачытаю слова “Клінтаніха”, то пачну забіваць», — піша Наста Захарэвіч у сваім фэйсбуку.

У камэнтах пярэчаць, маўляў, гэта традыцыйная беларуская форма. Дагэтуль ужываецца ў вёсках.

Жанчына ня мела прозьвішча як уласнасьці, бо сама была чыёйсьці ўласнасьцю: спачатку бацькі, пасьля мужа. У камэнтах зноў жа пярэчаць, што цяпер такая форма — проста моўная традыцыя.

Мой знаёмы дызайнэр «Клінтаніху» не прымае. Ён прызнаецца, што толькі адносна нядаўна адчуў у сабе неабходнасьць нацыянальнай самаідэнтыфікацыі. Пачаў вывучаць гісторыю Беларусі, размаўляць беларускай мовай. І адначасова давучваць — папаўняць слоўнікавы запас. Мой знаёмы — мянчук, жыхар мэгаполісу.

Аргумэнт «у нас у вёсцы так усе гавораць» яго не пераконвае. Штуршок да беларускасьці ў яго ішоў ад сэрца, а разьвіцьцё адбываецца праз галаву. А галава ўспрымае часам усё літаральна. Напрыклад, тое, што «Клінтаніха» — гэта ад прыналежнасьці жонкі да мужа.

Больш за тое, галава падказвае, што беларуская вёска — ня толькі этнаграфія ды спосаб вытворчасьці сельскай прадукцыі. Гэта яшчэ і грамадовы (абшчынны) спосаб мысьленьня і пабудовы сацыяльнай камунікацыі. Для жыхара мэгаполісу ў такім кантэксьце слова «традыцыйна» мае хутчэй адмоўнае значэньне, чым нэўтральнае ці пагатоў пазытыўнае.

Для беларускага нэафіта «беларускае» — ня толькі вёска. Ды што мой знаёмы. Паглядзіце на рыцарскі рух, які актывізаваўся ў 1990-х і існуе дагэтуль. Замкі, шляхта, магнаты, рыцары — вось трэнд беларускасьці гарадзкіх нэафітаў.

Мы вывучаем мінуўшчыну па-рознаму. Рэканструяваць усё цалкам — для спэцыялістаў і аматараў. Жыхар буйнога гораду проста не разумее, што такое абшчына і навошта яна яму патрэбная нават калі «так было спрадвеку».

Я ня першы год назіраю псыхалягічны канфлікт між некаторымі нацыянальна арыентаванымі групамі. Калі тры гады таму адбыўся першы Дзень Вышыванкі, я чуў абураныя галасы, маўляў, «гэта прафанацыя сакральнай веды». Старажытныя знакі ператварылі ў маскультурную зьяву. Як контраргумэнт я пытаюся цытатай з анэкдоту: вам шашачкі ці ехаць? Вам каб усе былі носьбітамі сакральнай веды ці вам важна каб пашыралася кола нацыянальна арыентаваных людзей?

Падабаецца ці не, але трэба прызнаць той факт, што ўжо вырасла першая і нарадзілася другая генэрацыя тых, хто ня чуў у дзяцінстве натуральную беларускую мову, бо ўжо не было і няма да каго езьдзіць на вёску. Плюс гэтая новая генэрацыя — людзі эпохі інфармацыйнай рэвалюцыі. Прапаноўваць ім формулу «а вось у нас у вёсцы» як мінімум беспэрспэктыўна. Робіш некалькі клікаў мышкай, і маеш цэлы спэктар самай разнастайнай інфармацыі на тэму. І сам абіраеш, што бліжэй.

Людзі цікавяцца мінуўшчынай, каб узяць штосьці для сваёй візіі сёньня і заўтра.

У такой сытуацыі ва ўладальніка «сакральнай веды» ёсьць два варыянты. Альбо зашыцца ў норцы. Альбо паспрабаваць папулярызаваць сваю веду. Напрыклад, праз рычагі масавай культуры. Усьміхніцеся, і з сур'ёзнага спрадвечнага можа атрымацца штосьці вясёлае карнавальнае. Як Санта-Клаўс ці сьвяты Патрык. Лепш ісьці, чым стаяць.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG