Аляксандар Лукашэнка паразмаўляў па тэлефоне з прэзыдэнтам Украіны Пятром Парашэнкам. Кіраўнікі Беларусі і Ўкраіны дамовіліся аб асабістай сустрэчы да канца году.
Пятро Парашэнка, як сьцьвярджае прэс-служба кіраўніка Беларусі, прынёс выбачэньні за інцыдэнт зь вяртаньнем самалёту «Белавія» пад пагрозай перахопу і паведаміў, што вінаватыя пакараныя. Прэс-служба кіраўніка Ўкраіны пра такое ня згадвае.
Таксама былі абмеркаваныя працы ў мірным вырашэньні канфлікту на ўсходзе Ўкраіны і ўмовы для прадуктыўнай працы трохбаковай кантактнай групы.
Адзначалася, што пры зьніжэньні таваразвароту між дзьвюма краінамі існуе «станоўчая дынаміка» ў эканамічных стасунках Беларусі і Ўкраіны.