Расея будзе ўдзельнічаць у песенным конкурсе «Эўравізія-2017», які пройдзе ў Кіеве. Пра гэта паведамляецца на афіцыйным сайце конкурсу.
Пра ўдзел Расеі ў «Эўравізіі» ў Кіеве вяліся спрэчкі на працягу месяцаў з моманту перамогі ўкраінскай выканаўцы ў траўні сёлета. Ва Ўкраіне дзейнічаюць чорны і белы сьпісы расейскіх выканаўцаў у залежнасьці ад іх пазыцыі ў дачыненьні да анэксіі Крымы і вайны ў Данбасе. Кандыдатура артыста, які будзе прадстаўляць Расею ў 2017 годзе, пакуль ня вызначаная.
Паўфіналы «Эўравізіі-2017» адбудуцца 9 і 11 траўня, фінал пройдзе 13 траўня. У конкурсе будзе ўдзельнічаць рэкордная колькасьць краін — 43. Аўстралія возьме ўдзел у Эўравізіі трэці раз.
У фінале «Эўравізіі», які прайшоў 14 траўня ў Стакгольме, перамагла ўкраінская сьпявачка Джамала зь песьняй «1944». Другое месца заняла выканаўца з Аўстраліі Дэмі Ім, трэцяе — Сяргей Лазараў ад Расеі.