Дзяржаўны сакратар ЗША Джон Керы заявіў, што ня быў паінфармаваны пра аднаўленьне расьсьледаваньня ў справе аб службовай працоўнай перапісцы сваёй папярэдніцы, кандыдата ў прэзыдэнты Гілары Клінтан.
«Не, мне ні пра што не паведамлялі і нічога не запытвалі. І мне невядома, ці паступалі якія-небудзь запыты ў Дзяржаўны дэпартамэнт. У мяне няма ніякіх іншых камэнтароў у гэтым пытаньні, якое ляжыць у кампэтэнцыі Міністэрства юстыцыі і ФБР», — заявіў Керы .
Гілары Клінтан, быўшы дзяржаўным сакратаром ЗША, вяла службовую перапіску праз прыватны паштовы сэрвэр. Уладам былі перададзеныя амаль 30 тысяч такіх электронных лістоў. На пачатку ліпеня стала вядома, што ФБР, вывучыўшы перапіску і сэрвэр Клінтан, не знайшло падставаў пачаць крымінальную справу ў дачыненні да яе. Некаторыя амэрыканскія СМІ неўзабаве пасьля гэтага паведамілі пра змову высокапастаўленага прадстаўніка Дзярждэпартаменту з агентамі ФБР.
У мінулую пятніцу, аднак, дырэктар ФБР Джэймс Коўмі абвясьціў, што ў справе аб перапісцы Клінтан зьявіліся новыя матэрыялы, і цяпер бюро трэба будзе прааналізаваць дадатковы масіў яе службовых лістоў. Пры гэтым ён адзначыў, што пакуль не зразумела, наколькі важныя матэрыялы ў іх ўтрымліваліся і колькі часу зойме расьсьледаваньне.
Газэта The New York Times, у сваю чаргу, высьветліла, што расьсьледаваньне было адноўлена пасьля таго, як супрацоўнікі ФБР выявілі электронныя лісты, якія тычацца памочніцы Клінтан — Хумы Абэдын і яе мужа Энтані Ўінэра. Пра якія менавіта пасланьні ідзе гаворка, пакуль ня ясна.
Сама Клінтан вельмі рэзка адрэагавала на аднаўленьне сьледзтва. Кандыдатка ў прэзыдэнты назвала такое рашэньне «ня проста дзіўным», а «беспрэцэдэнтным», паколькі яно было прынятае за некалькі дзён да выбараў дырэктарам ФБР безь якіх-небудзь тлумачэньняў.