Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТБМ прапануе ўвекавечыць у Шклове імя Міхася Зарэцкага


Фрагмэнт вокладкі адной з кніг Міхася Зарэцкага
Фрагмэнт вокладкі адной з кніг Міхася Зарэцкага

Таварыства беларускай мовы просіць Шклоўскі райвыканкам паспрыяць ўвекавечваньню памяці пісьменьніка Міхася Зарэцкага. Да старшыні раённай улады Аляксандра Бойкі зьвярнуўся кіраўнік Таварыства Алег Трусаў.

Прапануецца назваць адну з вуліц імем Зарэцкага, а таксама імя пісьменьніка надаць адной зь бібліятэк, якая месьціцца на вуліцы Малая Зарэчная.

20 лістапада 115 год з Дня нараджэньня Міхася Касянкова, больш вядомага пад псэўданімам Зарэцкі. На думку актывістаў ТБМ, гэтая дата мае стаць падставаю, каб у тапаніміцы Шклова зьявілася імя пісьменьніка.

«Менавіта ў шклоўскім Зарэччы прайшло дзяцінства будучага пісьменьніка і непасрэдна тут нарадзіўся пісьменьніцкі псэўданім. На галоўнай вуліцы вёскі некалі знаходзілася царква Сьвятой Тройцы, дзе псаломшчыкам працаваў яго бацька Яўхім Ануфрыевіч і які адыграў вялікую ролю ў фарміраваньні эстэтычных густаў пісьменьніка», — гаворыцца ў лісьце Алега Трусава.

У 2013 годзе, калі да райцэнтру далучылі вёску Зарэчча, мясцовыя ТБМаўцы прапаноўвалі чыноўнікам назваць адну з вуліц у паселішчы імем Зарэцкага. Гэтая ініцыятыва не знайшла падтрымкі. Без увагі засталася прапанова рупліўцаў беларушчыны яшчэ раней адзначыць стогадовы юбілей пісьменьніка.

«Вельмі хочацца спадзявацца, што Шклоўскі райвыканкам у „Год культуры“ усё-такі неяк адгукнецца на прапановы „Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны“ і імя славутага беларускага пісьменьніка зьявіцца ў тапаніміцы Шклова», — адзначаюць рупліўцы беларушчыны.

У 1919 годзе ў Шклове Міхась Касянкоў ўзначаліў валасны аддзел народнай асьветы.

Лёс пісьменьніка склаўся трагічна. У 1936 годзе яго арыштавалі. Зьвінавацілі ва ўдзеле ў «нацыянал-фашысцкай тэрарыстычнай арганізацыі». У 1937 — асудзілі да расстрэлу. У ГУЛАГ была сасланая і жонка пісьменьніка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG