Кіраўнік беларускай дзяржавы 29 кастрычніка адлятае ў Блізкаўсходні рэгіён, паведамляе БЕЛТА.
Падчас афіцыйнага візіту ў Катар Аляксандар Лукашэнка правядзе перамовы з эмірам краіны шэйхам Тамімам бэн Хамадам аль-Тані. Па выніках сустрэчы чакаецца падпісаньне шэрагу двухбаковых дакумэнтаў.
Са сталіцы Катара прэзыдэнт накіруецца з рабочым візытам у Аб’яднаныя Арабскія Эміраты. Плянуецца, што ён сустрэнецца з спадчынным прынцам Абу-Дабі, намесьнікам вярхоўнага галоўнакамандуючага Ўзброенымі Сіламі ААЭ шэйхам Мухамэдам бэн Заідам аль-Нахаянам.
На сустрэчах будуць абмяркоўвацца пэрспэктыўныя кірункі развіцьця двухбаковага супрацоўніцтва, рэалізацыя сумесных праектаў.
Кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка так пракамэнтаваў сваю вэрсію мэты гэтай паездкі:
«Сёньня першы дзень школьных канікулаў. Далей я працягваць ня буду. Разумны чалавек і так зразумее, што я маю на ўвазе: сонца, вада і г. д.
Бо палітычнага сэнсу ў гэтым візыце няма. Не забывайцеся, што Беларусь — гэта частка так званай саюзнай дзяржавы. Другая яе частка — Расея — цяпер ваюее ў Сырыі. А сымпатыі краін Блізкага Ўсходу на баку праціўнікаў Башара Асада.
Няма і эканамічнага сэнсу. Зараз „нафтавыя“ краіны самі перажываюць ня лепшыя часы. Таму спадзявацца на іх крэдыты не выпадае».