Паміж Масквой і Бялградам узьнік беспрэцэдэнтны ў постсавецкай гісторыі скандал. Са спасылкай на крыніцы ў сэрбскіх урадавых колах бялградзкія СМІ паведамілі: некалькі грамадзянаў Расеі былі дэпартаваныя з Сэрбіі «за ўдзел у падрыхтоўцы тэрарыстычных акцыяў у Чарнагорыі». Пэўныя падрабязнасьці падае маскоўскае выданьне «КоммерсантЪ»
Выданьне адзначае, што гэтыя навіны супалі зь нечаканым прыездам у Бялград сакратара Рады бясьпекі Расеі Мікалая Патрушава. Мясцовыя экспэрты перакананыя, што галоўная мэта візыту — абмеркаваньне «чарнагорскага выпадку» і спроба не дапусьціць скандалу ў расейска-сэрбскіх дачыненьнях. Крыніцы «Коммерсанта», блізкія да ўраду Сэрбіі, запэўніваюць, што Бялград не зацікаўлены ў такім скандале, але і ня хоча быць западозраным у датычнасьці да злачынных акцыяў у суседняй краіне.
Нечаканы госьць
Пра візыт сакратара Рады бясьпекі РФ у Бялград стала вядома толькі напярэдадні ягонага прыезду — у аўторак, да гэтага паездка ніяк не анансавалася. Сам жа візыт быў узьняты на найвышэйшы ўзровень. Акрамя перамоваў з кіраўніком МУС Нэбайшам Стэфанавічам Мікалай Патрушаў сустрэўся з кіраўніцтвам краіны: у сераду — з прэзыдэнтам Томіславам Нікалічам і міністрам замежных справаў Івіцам Дачычам, а ў чацьвер — з прэм’ерам Аляксандрам Вучычам.
Усе перамовы прайшлі ў строга закрытым рэжыме, а афіцыйна ў самым пачатку візыту было абвешчана, што расейскі госьць прапанаваў сэрбскім уладам падпісаць мэмарандум аб узаемаразуменьні ў галіне бясьпекі, які стварыў бы сталы канал сувязі паміж Масквой і Бялградам у гэтай сфэры. Зрэшты, паводле спадара Патрушава, такі дакумэнт абмяркоўваецца даўно і можа быць падпісаны не раней за будучую вясну ў Расеі на Міжнароднай канфэрэнцыі ў пытаньнях бясьпекі. Да таго ж, як сказаў сакратар Рады бясьпекі РФ, ён ня мае сілы міжнароднай дамовы і ня носіць абавязковага характару. Таму многія мясцовыя палітыкі і экспэрты засумняваліся, што прасоўваньне мэмарандуму было галоўнаю мэтаю прыезду сакратара расейскае Рады бясьпекі.
Візыт, без сумневу, зьвязаны з тым, што адбылося ў суседняй Чарнагорыі, дзе ўлады абвясьцілі аб прадухіленьні тэрарыстычных акцыяў у дзень выбараў.
«Візыт, без сумневу, зьвязаны з тым, што адбылося ў суседняй Чарнагорыі, дзе ўлады абвясьцілі аб прадухіленьні тэрарыстычных акцыяў у дзень выбараў», — перакананы прафэсар факультэту бясьпекі Бялградзкага ўнівэрсытэту Зоран Драгішыч. З гэтым згодны і сэрбскі ваенны экспэрт Аляксандар Радзіч: «Патрушаў прыбыў у Бялград абмеркаваць чарнагорскі выпадак». А крыніца «Коммерсанта», блізкая да ўраду Сэрбіі, удакладняе: «Расейскі госьць, напэўна, хацеў бы высьветліць нашыя крокі для супрацы з Чарнагорыяй у расьсьледаваньні актыўнасьці групаў, якія рыхтавалі беспарадкі ў Подгарыцы16 кастрычніка».
Сэрбія супраць путчу
Сакратар Рады бясьпекі РФ прыбыў у Бялград празь дзень пасьля таго, як у панядзелак увечары сэрбскі прэмʼер Аляксандар Вучыч — адразу пасьля пасяджэньня Бюро каардынацыі службаў бясьпекі Сэрбіі — апублікаваў дэталі пляну захопу дзяржаўных установаў Чарнагорыі пасьля парлямэнцкіх выбараў 16 кастрычніка «пры спрыяньні замежнага фактару». Вучыч пацьвердзіў інфармацыю чарнагорскага спэцыяльнага пракурора Мілівое Катніча аб арышце групы грамадзян Сэрбіі, якая рыхтавала захоп Скупшчыны Чарнагорыі і стральбу па ўдзельніках мітынгу апазыцыі з мэтай справакаваць хаос і штурм парлямэнту. Прэмʼер таксама абвясьціў, што сэрбскія праваахоўныя органы выявілі «яшчэ некалькі небясьпечных групаў», уцягнутых у рэалізацыю гэтага пляну, за якімі стаяць «вельмі сур’ёзныя людзі».
За прэм’ерам Чарнагорыі сачылі з дапамогай самага сучаснага абсталяваньня.
«Арыштаваныя намі асобы дзейнічалі ў каардынацыі зь іншаземцамі», — паведаміў Вучыч. І дадаў: «Існуюць неабвержныя доказы, што пэўныя асобы сачылі літаральна за кожным крокам прэм’ера Чарнагорыі ды інфармавалі пра гэта іншых людзей, якія мусілі дзейнічаць паводле іхных інструкцыяў. Мы знайшлі ў іх 125 тысяч эўра, спэцыяльную ўніформу, іншыя рэчы. За прэм’ерам Чарнагорыі сачылі з дапамогай самага сучаснага абсталяваньня».
Пра згаданае Аляксандрам Вучычам «сучаснае абсталяваньне» стала вядома мясцовым СМІ.
Са спасылкай на сэрбскіх сьледчых яны паведамілі: групы зламысьнікаў падтрымлівалі сувязь з дапамогай тэлефонаў з шыфратарамі, мелі якасныя спадарожнікавыя здымкі дзяржаўных абʼектаў у Подгарыцы, маршруты перамяшчэньня чарнагорскага прэмʼера, а выяўленая ў іх уніформа, у якую яны мелі пераапрануцца пры захопе парлямэнту, падобная на тую, што выкарыстоўвае чарнагорскі спэцназ.
Новая сэнсацыя адбылася ужо падчас знаходжаньня спадара Патрушава ў Бялградзе. Як паведаміла са спасылкай на блізкія да ўраду крыніцы бялградзкае выданьне Danas, некалькі грамадзян Расеі былі дэпартаваныя з Сэрбіі «за ўдзел у падрыхтоўцы тэрарыстычных акцыяў у Чарнагорыі». Навіна імгненна разышлася па вядучых балканскіх СМІ.
Сэрбскія афіцыйныя асобы ня сталі аспрэчваць гэтай інфармацыі. А пасьля сустрэчы Мікалая Патрушава з прэмʼерам Вучычам зьявілася толькі кароткае паведамленьне, галоўная фраза якога гучыць так: «Канстатавана, што службы бясьпекі Расеі і Сэрбіі пасьпяхова супрацоўнічаюць».
Задачай сакратара Рады бясьпекі РФ было «разруліць сытуацыю і не дапусьціць скандалу ў расейска-сэрбскіх адносінах».
Бялградзкі суразмоўца «Коммерсанта», знаёмы з праблематыкай перамоваў, сьцьвярджае, што задачай сакратара Рады бясьпекі РФ было «разруліць сытуацыю і не дапусьціць скандалу ў расейска-сэрбскіх дачыненьнях». Мяркуючы з паведамленьня пасьля сустрэчы Вучыча і Патрушава, эмісару Масквы гэта, падобна, удалося.
Пагатоў што, як запэўніваюць блізкія да ўраду Сэрбіі крыніцы «Коммерсанта», Бялград таксама не зацікаўлены ў такім скандале. У той жа час, паводле суразмоўцаў «Коммерсанта», улады Сэрбіі, якія арыентуюцца на ўступ у ЭЗ, ня хочуць быць западозранымі ў датычнасьці да злачынных акцыяў у суседняй краіне. Гэта ўскосна пацьвердзіў і сам прэм’ер Аляксандар Вучыч. Галоўны матыў апублікаваньня інфармацыі сэрбскіх спэцслужбаў пра спробу путчу ў Чарнагорыі ён патлумачыў так: «Глыбока памыляліся тыя, хто лічыў, што Сэрбія якім-небудзь чынам будзе ўдзельнічаць у гэтым злачынстве».