Сямідзесяціпяцігадовая Галіна Чэчыкава з аграгарадка Мічурынская Гомельскага раёну ўсё лета і восень адбіваецца ад баброў. Два гады таму тыя пасяліся побач зь сядзібай Чэчыкавых у кар’еры, запоўненым вадою, і цяпер проста тэрарызуюць пэнсіянэраў.
«Зрэзалі ўжо дзясятак сьліў, вішняў і абрыкосаў, цяпер узяліся за яблыні, — з жалем кажа Галіна Андрэеўна. — Стала абкручваць ствалы яблынь бляхаю, каб дарэшты ня спляжылі. Мой стары хадзіць ня можа, зламаў шыйку бядра, дык я адна ваюю з гэтым зубастым зьвяр’ём».
Жанчына ідзе вакол плоту і паказвае сьвежапагрызеныя прысады, перакладзіны плоту. Стружкі пад дрэвамі буйныя, быццам з-пад сталярскага шархэбэля ці долата.
«А паглядзіце, якія хады-норы парылі бабры на гародзе. Ужо баюся, што і пад хату ці хляўчук падкапаюцца. Альбо сама правалюся ў гэтую нару».
Кабета торкае ў нару кійком, на які абапіраецца, і не дастае дна.
«Гэта ж нейкае нашэсьце! Тут ужо ёсьць і патомства — маладыя бабраняты. Раніцай, як толькі прачнуся, хутчэй у вакно гляджу: ці не нарабілі новай шкоды? Яны ж і вербы грызуць па-за ўчасткам, дрэвы падаюць на плот, ломяць яго. Гэта проста дзіва, што вербы ня бухнуліся на лінію электраперадач».
Чэчыкава кажа, што тэлефанавала эколягам, старшыні Красьненскага сельскага савету. Напісалі нават разам з суседзямі калектыўную скаргу ў сельскі савет — бабры пашкодзілі прысады і ў іншых гаспадароў.
«Прыяжджаў Буднікаў і ўвесну, і во цяпер увосень, інтэрвію тут журналістам даваў. Кажа, што камісія райвыканкаму павінна агледзець шкоду, якую бабры нанесьлі гаспадарцы. І толькі камісія вырашыць, што з гэтымі бабрамі рабіць, бо яны ж у Чырвоную кнігу занесены. Але пакуль тая камісія зьбярэцца, то ў мяне ніводнага дрэўца ў садзе не застанецца», — бядуе пэнсіянэрка.
«Думалі адлавіць зьвяркоў сваімі сіламі, — кажа старшыня Красьненскага сельскага савету Васіль Буднікаў. — Высьветлілася, што гэткім чынам мы парушым прыродаахоўнае заканадаўства. Трэба дзейнічаць праз раённую камісію па вызначэньні памераў шкоды, якую ачольвае першы намесьнік старшыні райвыканкаму Аляксей Жарнасекаў. Калі ёсьць лепшы варыянт, то прапануйце. Камісія будзе ў любым выпадку».
У Гомельскай міжраённай інспэкцыі аховы жывёльнага й расьліннага сьвету пацьвярджаюць, што лёс баброў сапраўды залежыць ад рашэньня камісіі райвыканкаму.
«Я ж не душагуб які, — кажа Галіна Чэчыкава. — Няхай жывуць бабры. Злавіць іх, вывезьці ў якое прыдатнае балота ці на рачулку — і выпусьціць. А то ж жыцьця тут ад іх няма».
У пасёлак Мічурынская, што на паўночным ускрайку Гомеля, бабры, па ўсім відаць, прыплылі ў паводку па мэліярацыйных каналах, а ў ціхі кар’ер забраліся празь сьцёкавую трубу.
Начальнік упраўленьня апэратыўнага рэагаваньня Дзяржаўнай інспэкцыі аховы жывёльнага і расьліннага сьвету Віктар Ждановіч пацьвярджае Свабодзе: толькі райвыканкам можа прызначыць адлоў баброў:
«Мы ж ня будзем зьнішчаць жывёл, гэта ў нашую кампэтэнцыю не ўваходзіць. Іх павінны адлоўліваць і перасяляць у іншае месца. Райвыканкам мусіць прызначыць некага: ёсьць розныя арганізацыі Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў, ёсьць прыватныя арганізацыі, якія вядуць лясную паляўнічую гаспадарку».
Баброў разьвялося зашмат? Яны небясьпечныя?
Бабры некалі былі ў беларускай Чырвонай кнізе, але іх выключылі адтуль у 2009 годзе, бо іхная колькасьць нават перавысіла аптымальную. Паводле афіцыйнай статыстыкі, на 2015 год у Беларусі налічвалася 58,3 тысячы баброў.
«Неяк было, што іх вельмі шмат стала, колькасьць перавышала дапушчальную норму ў тры разы, — прыгадвае Ждановіч. — Праблема раней была, але не магу сказаць, каб цяпер яна была ўсеагульная».
У 2013 годзе ў Камянецкім раёне Берасьцейскай вобласьці бабёр двойчы ўкусіў за нагу 60-гадовага рыбака, у выніку мужчына памёр ад страты крыві. Пра выпадак тады пісалі ва ўсім сьвеце, ад брытанскага Daily Telegraph да амэрыканскага Time. Ці значыць гэта, што бабры небясьпечныя для чалавека?
«Гледзячы што разумець пад „небясьпечнай жывёлай“, — разважае Ждановіч. — Тады пісалі, нібы бабёр сам кінуўся на чалавека. Бабёр сам ня кінецца, толькі калі чалавек яго пакрыўдзіць. Тады можа. Як і любы зьвер, як нават заяц. А мядзьведзя не чапай, то й мядзьведзь не зачэпіць».