Згодна са зьвесткамі Нацыянальнага статыстычнага камітэту, за верасень 2016 году сярэдні заробак у Беларусі склаў 732,9 рублі, альбо 380 даляраў.
Гэта на 46,7 рубля больш, чым было ў верасьні 2015 году, калі пераводзіць тагачасныя зарплаты ў дэнамінаваныя рублі. Але на 8 даляраў меней, калі лічыць па курсе на 1 кастрычніка адпаведнага году.
Па зьвестках Белстату, рэальныя заробкі скараціліся на 4,1% у параўнаньні зь мінулым верасьнем і на 4%, калі параўноўваць першыя 9 месяцаў 2016 і 2015 гадоў.
Яшчэ месяц таму сярэдні заробак у Беларусі складаў 750,3 рубля — у параўнаньні з жніўнем у верасьні сярэдні заробак упаў на 17,4 рубля (2,3%), альбо на 2,7 даляра.
За год найболей (на 7-14%) вырасьлі сярэднія заробкі ў высокааплатных галінах транспарту і тэлекамунікацыяў, а найбольш упалі — на 12,3% — у будаўніцтве.
Найвышэйшыя заробкі традыцыйна ў IT — 3 238,6 рубля за верасень (мінус 2% за месяц, плюс 0,7% за год). Найменшыя заробкі ў дзейнасьці догляду ў спэцыялізаваных установах і прадастаўленьні сацыяльных паслуг — 416 рублёў (мінус 1,8% за месяц, мінус 6,2% за год).