Аляксандар Лукашэнка падпісаў 24 кастрычніка ўказ аб правядзеньні 4–30 кастрычніка 2019 году чарговага перапісу насельніцтва. Тэкст указу пакуль не апублікаваны.
Перапіс будзе праведзены праз апытаньне «часовым перапісным пэрсаналам». Гэтаму пэрсаналу, у адрозьненьне ад мінулых перапісаў, ня будуць плаціць, але будуць даваць вызваленьне ад працы ці вучобы на пэрыяд падрыхтоўкі і ўдзелу ў перапісе ды кампэнсаваць заробкі, стыпэндыі ці пэнсіі за гэты пэрыяд. «Часовы пэрсанал» застрахуюць ад няшчасных здарэньняў.
Папярэдні перапіс насельніцтва прайшоў у Беларусі ў 2009 годзе. Зь яго вынікамі можна азнаёміцца тут. Да працы на перапісе-2009 прымусова прыцягвалі студэнтаў ВНУ, «часоваму пэрсаналу» абяцалі заплаціць каля 50 даляраў. У час таго перапісу хадзілі чуткі, што ён стане апошнім, калі «ходзяць па дамах»: неабходныя зьвесткі можна атрымаць і праз інтэрнэт або тэлефон, і з электронных базаў зьвестак.
Сярод пытаньняў мінулага перапісу былі пытаньні пра родную мову, мову, на якой чалавек размаўляе дома, і мовы, якімі чалавек вольна валодае. Таксама пыталі пра нацыянальнасьць (паводле самавызначэньня). У 2009 годзе беларусамі сябе назвалі 83,7% рэспандэнтаў (яшчэ 8,3% — расейцамі, 3,1% — палякамі, 1,7% — украінцамі, 0,1% — габрэямі), а 56% грамадзян Беларусі назвалі роднай мовай беларускую (24% заявілі, што звычайна размаўляюць па-беларуску дома).