Кансультацыі міністэрстваў замежных спраў Беларусі і Аргентыны прайшлі 24 кастрычніка ў Менску.
Намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Яўген Шастакоў і ягоны аргентынскі калега Карлас Марыё Фарадоры абмеркавалі разьвіцьцё дыялёгу ў палітычнай, гандлёвай і гуманітарнай галінах. На сустрэчы яны падпісалі міжурадавае пагадненьне пра ўзаемныя бязьвізавыя паездкі грамадзян.
Пакуль для наведваньня Аргентыны беларусам усё яшчэ патрэбная віза, якую можна афармляць у маскоўскай ці кіеўскай амбасадах Аргентыны. Пагадненьне набудзе сілу толькі пасьля праходжаньня ўнутрыдзяржаўных працэдур у Беларусі і Аргентыне. Калі яны пройдуць і колькі «бязьвізавых» дзён атрымаюць беларусы і аргентынцы — не ўдакладняецца.
Аналягічнае пагадненьне Беларусь падпісала ў кастрычніку з Бразыліяй. Беларусам у Бразыліі і бразыльцам у Беларусі даецца да 90 дзён на год бязьвізавага знаходжаньня.
На гэты момант беларусы могуць наведваць бязь візаў 24 краіны: Азэрбайджан, Армэнію, Віетнам, Вэнэсуэлу, Гандурас, Грузію, Казахстан, Кубу, Кіргізстан, Македонію, Малайзію, Малдову, Манголію, Нікарагуа, Панаму, Пэру, Расею, Сэрбію, Таджыкістан, Турэччыну, Узбэкістан, Украіну, Чарнагорыю і Эквадор. Паводле рэйтынгу, які ўлічвае бязьвізавы доступ для кароткачасовых паездак, беларускае грамадзянства горшае, чым альбанскае і ганскае.
У Беларусі абмяркоўвалася скасаваньне візаў для турыстаў з 80 краінаў на 5 дзён, але сілавікі сумняюцца ў бясьпецы такога рашэньня. Сёньня замежным турыстам бязь візаў дазваляецца наведаць у турыстычных мэтах Аўгустоўскі канал на тэрмін да 5 дзён. Дзеля гэтага ім трэба атрымаць пэўны дакумэнт і мець на кожны дзень ня менш як 42 рублі.