Удзельнічаюць: Дзьмітры Гурневіч, Уладзімер Глод, Віталь Цыганкоў
Глод: Злучаныя Штаты Амэрыкі працягнулі прыпыненьне санкцыяў супраць дзевяці беларускіх кампаніяў яшчэ на шэсьць месяцаў. Пра гэта заявіла намесьніца памочніка Дзяржсакратара ЗША ў справах Эўропы і Эўразіі Брыджэт Брынк, якая знаходзіцца зь візытам у Менску.
Паводле амэрыканскай дыпляматкі, рашэньне зьвязанае зь мінулымі парлямэнцкімі выбарамі. У Вашынгтоне адзначылі, што яны прайшлі мірна, зь некаторымі паляпшэньнямі. У парлямэнце ўпершыню за 12 гадоў будуць прадстаўлены альтэрнатыўныя галасы. Да таго ж, амэрыканцы спадзяюцца, што апазыцыйныя дэпутаты «змогуць выкарыстоўваць свой мандат без абмежаваньняў».
Разам з тым прадстаўніца Дзярждэпартамэнту адзначыла, што ў Вашынгтоне ведаюць і справаздачу назіральнікаў АБСЭ. Экспэрты гэтай міжнароднай структуры паведамілі пра сурʼёзныя праблемы з выкананьнем Беларусьсю сваіх міжнародных абавязацельстваў. На просьбу ўдакладніць, якіх менавіта паляпшэньняў чакае Вашынгтон, Брынк нагадала аб рэкамэндацыях АБСЭ, што датычацца фармаваньня выбарчых камісій, большай празрыстасьці для ўнутраных і міжнародных назіральнікаў пры падліку бюлетэняў.
Прадстаўнікі апазыцыі, зь якімі сустракалася супрацоўніца Дзярждэпартамэнту, перасьцерагалі яе ад залішняга аптымізму
Аднак правядзеньне выбараў — гэта толькі частка працэсу дэмакратычных пераменаў у Беларусі, без якіх цяжка чакаць паляпшэньня дачыненьняў паміж Менскам і Вашынгтонам. Найперш неабходны далейшы прагрэс у сфэры грамадзянскіх правоў і свабодаў. Выглядае невыпадковым, што спадарыня Брынк некалькі разоў паўтарыла гэтую думку падчас размовы з журналістамі.
Сьведчаньнем таго, што дачыненьні паміж дзьвюма краінамі паляпшаюцца, Брыджэт Брынк назвала павелічэньне штату амбасады ЗША, што дазволіла цясьней працаваць з афіцыйным Менскам па пытаньнях гандлю і бясьпекі. Ёсьць спадзяваньні, што пакрокавае паляпшэньне адносін прывядзе да нармальнага функцыянаваньня амбасадаў, у тым ліку і вяртаньню амбасадараў.
Прадстаўнікі апазыцыі, зь якімі сустракалася супрацоўніца Дзярждэпартамэнту, перасьцерагалі яе ад залішняга аптымізму. Яны нагадалі пра судовую справу блогера Эдуарда Пальчыса, якога праваабаронцы прызналі палітвязьнем. Брынк сказала, што ў ЗША пільна сочаць за гэтай і яшчэ некалькімі справамі. Больш падрабязна камэнтаваць сытуацыю яна пакуль ня можа, бо ў амэрыканскага ўраду ёсьць свае крытэры вызначэньня таго, хто зьяўляецца палітвязьням, а хто не.
Калі ж вяртацца да таго, з чаго я пачынаў, а менавіта з працягу прыпыненьня санкцыяў, дык варта нагадаць, што яно дзейнічала да 1 лістапада 2016 году. А ўпершыню санкцыі ўвялі з 2006 году. Як вы думаеце, калегі, калі прыйдзе час поўнай адмены санкцыяў?
Цыганкоў: Фармальна адказ даволі просты — ёсьць усе падставы працягнуць прыпыненьне санкцыяў, але пакуль няма ніякіх прычынаў увогуле адмяняць гэтыя санкцыі. Увогуле адмена санкцыяў магчыма толькі якраз у выпадку кардынальных паляпшэньняў у галіне правоў і свабодаў. А гэта надта шмат пунктаў і дзеяньняў, якія афіцыйны Менск пакуль не зьбіраецца прадпрымаць. Гэткая сытуацыя «ні міра, ні вайны» здаецца, на дадзены момант задавальняе і Менск, і Вашынгтон.
Гэткая сытуацыя «ні міра, ні вайны» здаецца, на дадзены момант задавальняе і Менск, і Вашынгтон
Яна дае магчымасьць далей рабіць маленькія крокі, такія як паляпшэньне дзейнасьці амбасады, шырэйшы культурны абмен, амэрыканскі аркестар грае ў цэнтры Менску. Зь іншага боку яна не мяняе агульную стратэгічную карціну стаўленьня Вашынгтону да Менску, Беларусі як аўтарытарнай краіны, дзе няма свабоды слова і не выконваюцца правы чалавека.
Так што цяперашняе паляпшэньне адносінаў я б не назваў словам «паляпшэньне», а больш дыпляматычна «нармалізацыяй». Нават пры цяперашніх кроках гэтыя адносіны яшчэ даволі далёкія да таго ўзроўню, якія яны былі нават пры Лукашэнку 12-13 гадоў таму да санкцыяў. Працавала і амбасада ў поўным маштабе, і былі больш яркія палітычныя кантакты.
Нармалізацыя адносінаў з Вашынгтонам патрэбная Менску ня толькі для такіх дробных рэчаў, але і для вялікіх геапалітычных. То бок калі разглядаецца, напрыклад, праблема выдзяленьня МВФ Беларусі грошай, то тут слова Амэрыкі ці не найважнейшае, і можна спадзявацца, што ЗША як мінімум не накладуць вета, а падтрымаюць выдзяленьне крэдыту.
Гурневіч: Ужо відавочна, што мэйнстрымам новай заходняй палітыкі адносна афіцыйнага Менску стала збліжэньне зь ім. Пачаў гэтую палітыку Эўразьвяз, а ЗША далучыліся. Але ня думаю, што ў Менску п’юць з гэтай нагоды шампанскае. Справа ў тым, што гэтае збліжэньне пакуль умоўнае. Гэта такі шанец кіраўніцтву Беларусі. Маўляў, мы прыадчыняем дзьверы, але рэшта будзе залежыць ад таго, што вы зробіце. Пытаньне: што Вашынгтон патрабуе ад Менску? Наўрад ці мы гэта даведаемся. Абодва бакі будуць агучваць тое, што насамрэч зьяўляецца шырмай. Пакуль працягненьне прыпыненьня санкцый гэта аванс Лукашэнку за трошкі лепшую атмасфэру ў краіне, чым некалькі гадоў таму. Па-сутнасьці, Менск гэта мог зрабіць і значна раней, але ў кіраўніцтва краіны проста не хапіла на гэта фантазіі. Што Лукашэнку каштавала прапусьціць умоўных Анісім і Канапацкую раней? Трымаць у турмах не 10 палітвязьняў, а трох? І калі ўлада радыкальна не сарвецца, то яна сапраўды можа нешта атрымаць. У мы ліку і поўную адмену санкцый.
мэйнстрымам новай заходняй палітыкі адносна афіцыйнага Менску стала збліжэньне зь ім
Бачна, як беларуская прапаганда падлізваецца да кандыдата ў прэзыдэнты ЗША Трампа, як яны бароняць яго ад нападаў апанэнтаў у самой Амэрыцы. Але нават калі Трамп пераможа, то радыкальна амэрыканскі падыход да Беларусі ня зьменіцца. Такое ўражаньне могуць ствараць прыхільныя Расеі заявы Трампа, але ёсьць вялікае пытаньне: ці будзе ён сябе так паводзіць пасьля магчымай перамогі? Амэрыканская палітыка вельмі стабільная. Гэта для амэрыканцаў ёсьць вялікая розьніца паміж Трампам і Клінтан. Для Беларусі гэта чыста эстэтычная спрэчка. І на стаўленьне ЗША да нашай дзяржавы яна наўрад ці паўплывае.
У Вашынгтоне кіруюць прагматыкі. Для іх ня існуе паняцьця: цьвёрдая ці мяккая палітыка. Для іх палітыка павінна быць эфэктыўная. І стаўленьне амэрыканцаў да Лукашэнкі, дарэчы, можа быць той лякмусавай паперкай, якая пакажа нам: ці сапраўды нешта ў нашай краіне мяняецца.