Рада ЮНЭСКА падчас пасяджэньня 18 кастрычніка ўхваліла рэзалюцыю выканкаму ад 13 кастрычніка пра статус сьвятых месцаў у Ерусаліме. Насуперак патрабаваньню Мэксыкі, было вырашана не праводзіць паўторнага галасаваньня па гэтай рэзалюцыі.
Як паведамляе выданьне International Business Times, Мэксыка і Бразылія выказалі нязгоду з фармулёўкай рэзалюцыі, зацьверджанай на мінулым тыдні, заявіўшы, што гаворка ідзе пра тэндэнцыйны дакумэнт, які ігнаруе правы і інтарэсы габрэйскага народу.
Паўторнага галасаваньня не адбылося. Як адзначаюць экспэрты, яно не зьмяніла б суадносінаў сіл, бо арабскія краіны маюць большасьць пры галасаваньні ў структурах ЮНЭСКА.
13 кастрычніка выканкам ЮНЭСКА прагаласаваў за рэзалюцыю, якая адмаўляе сувязь габрэйскага народу з Храмавай гарой у Ерусаліме. Рэзалюцыя была ўнесена на галасаваньне Эгіптам і Палестынскага нацыянальнай аўтаноміяй. Дакумэнт рашуча асуджаў Ізраіль за парушэньне правоў мусульман у Ерусаліме.
У той жа дзень Ізраіль спыніў супрацоўніцтва зь ЮНЭСКА.
У выканаўчы камітэт гэтай арганізацыі ўваходзяць прадстаўнікі 58 краін, сярод якіх няма Беларусі. Толькі шэсьць зь іх прагаласавалі супраць рэзалюцыі — ЗША, Вялікабрытанія, Літва, Нідэрлянды, Эстонія і Нямеччына. 26 краін устрымаліся, 24 падтрымалі рэзалюцыю ў рэдакцыі, прапанаванай Эгіптам і Палестынай.