Мантаж корпусу рэактара першага энэргаблёку Беларускай АЭС пачнецца не раней за канец 2016 году, бо трэба яго замяніць.
Раней мантаж плянаваўся на травень, сказаў журналістам 11 кастрычніка міністар энэргетыкі Беларусі Ўладзімер Патупчык.
Ён сказаў, што ў заводзкіх умовах сканчаецца выпрабаваньне другога корпусу рэактара, і ў кастрычніку ён павінен быць адпраўлены на будаўнічую пляцоўку:
«Мы плянуем яго выкарыстоўваць для мантажу на першым энергаблёку», — цытуе БелаПАН Патупчыка.
Паводле Патупчыка, тэрміны будоўлі АЭС будуць зрушвацца, але пры гэтым «нам трэба шукаць рэзэрвы, каб кампэнсаваць гэтае адставаньне».
У ліпені падчас выпрабавальнай трэніровачнай устаноўкі корпусу рэактара 330-тонны агрэгат сарваўся і ўпаў з вышыні ад двух да чатырох мэтраў. Міністар энэргетыкі Ўладзімер Патупчык заявіў, што Менск прыняў рашэньне замяніць корпус рэактара для энэргаблёку БелАЭC. Расейскі бок заявіў, што гатовы замяніць пашкоджаны корпус.
Літва выступае з крытыкай будоўлі БелАЭС, заяўляючы, што беларускі бок не гарантуе належнай бясьпекі.