Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю Беларусі растлумачыла апублікаваную 7 кастрычніка пастанову пра падвышэньне тарыфаў на транспарт газу па тэрыторыі Беларусі.
Згодна з пастановай, новы тарыф на транспарт газу па трубах «Белпалівагазу» складае Br13,22 за 1000 м³. Калі раней тарыф з падаткам на дабаўленую вартасьць складаў каля 8 даляраў, цяпер ён прыблізна роўны 8,2 даляра. Але не для Расеі:
«Гэтае рашэньне ня тычыцца пытаньняў транзытнага транспартаваньня расейскага прыроднага газу па магістральных трубаправодах праз тэрыторыю Беларусі», — заявілі БЕЛТА ў прэс-службе міністэрства.
Удакладніць у прэс-службы Мінгандлю, якія тарыфы тычацца Расеі, у Свабоды не атрымалася. У тэксьце пастановы пра асаблівыя ўмовы для Расеі нічога не гаворыцца.
Тым часам Беларусь зьбіралася з 11 кастрычніка падвысіць на 50% тарыф на транспарт нафты (у тым ліку для Расеі). Але тая не пагадзілася на такое падвышэньне і прапанавала правесьці пагаджальную нараду пра тарыфы на транзыт нафты.