Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памяці гукарэжысэра Анатоля Бублікава (29.05.1961—07.10.2016)

абноўлена

Сёньня на 56 годзе жыцьця пасьля апэрацыі памёр наш калега, гукарэжысэр і прадусар Радыё Свабода Анатоль Бублікаў.

Анатоль Бублікаў нарадзіўся 29 траўня 1961 году. Ён працаваў на Свабодзе ад 1999 году ў Менску і ў Празе.

Анатоль Бублікаў раней працаваў гукарэжысэрам на Беларускім радыё і ў ансамблі "Песьняры".

У Анатоля засталіся жонка Тацяна, сын, дачка і ўнучка.

Разьвітаньне з Анатолем Бублікавым адбудзецца ў нядзелю, 9 кастрычніка ў рытуальнай залі 9-га шпіталя на вул. Сямашкі. Пачатак а 14.00.

Пахаваюць яго ў Пухавіцкім раёне.

Фотагалерэя.

Заўчасны зыход Анатоля Бублікава — балючая страта і для родных, і для сяброў, і для калегаў, кажа дырэктар беларускай Свабоды Аляксандар Лукашук.

«Анатоль — адзін з вэтэранаў Свабоды, таленавіты гукарэжысэр, таварыскі і заўсёды прыязны калега з роўным характарам, увагай да дэталяў, выдатнай працоўнай этыкай. Яго таленты былі большыя за працу ў студыі — ён цудоўна сьпяваў, пачаў займацца відэаграфікай, зь ім было заўсёды прыемна ў кампаніі. Мы памятаем яго абавязковыя пачастункі зь Беларусі, якімі ён частаваў праскіх калегаў на працягу многіх гадоў, яго заўсёды спакойны тон, паважлівасьць, яго шчыры клопат пра якасьць эфіру. З Анатолем мы пачыналі і ранішні эфір, і начную Свабоду, рабілі аўдыёкнігі, дыскі ў Бібліятэцы Свабоды, прэзэнтацыі і запісы, запісы, запісы. Зробленае ім і яго вобраз — заўсёды ў гісторыі Свабоды і тых, хто ведаў Толю. Вечная памяць».

Анатоль Бублікаў (справа) і Васіль Быкаў
Анатоль Бублікаў (справа) і Васіль Быкаў

Пра Анатоля Бублікава ўспамінае журналіст Свабоды Валер Каліноўскі:

«Страсьцю Анатоля была музыка, ён шмат з захапленьнем расказваў пра сваю гукарэжысэрскую працу ў ансамблі „Песьняры“, ён сам з задавальненьнем сьпяваў і граў на гітары, калі была такая магчымасьць. Ягонае захапленьне музыкай дапамагала афармляць нашы радыёэфіры. Анатоль быў надзіва таварыскім, шчырым чалавекам, на яго можна было пакласьціся. Анатоля нам будзе вельмі не хапаць. Сьветлая памяць».

Анатоль Бублікаў (справа) і Ўладзімер Мулявін (у цэнтры)
Анатоль Бублікаў (справа) і Ўладзімер Мулявін (у цэнтры)

«Толік быў сапраўдным прафэсіяналам радыёэфіру. Памятаю, як разам з Валодзем Сакульскім і Аленай Радкевіч мы часта сустракаліся ў Празе пасьля працы і гаварылі ізноў жа пра працу, прыдумвалі новыя перадачы, фарматы, праекты. І позна ўвечары тэлефанавалі Аляксандру Лукашуку, які, нягледзячы на час, заўсёды быў рады ініцыятыве калегаў. Так зьявіўся радыёмаратон „Адзін дзень палітвязьня“ і шэраг іншых бліскучых эфіраў „Свабоды“. Ужо некалькі гадоў няма з намі Ўладзі Сакульскага, пайшоў сьветлы чалавек Анатоль Бублікаў...», — згадвае журналістка Свабоды Ганна Соўсь.

Кіраўнік менскага бюро Свабоды Валянцін Жданко:

«Учора мы разам сядзелі ў студыі Свабоды, запісвалі чарговую праграму на выходныя. Анатоль, як заўсёды, быў добразычлівы, уважлівы, хоць выглядаў хваравіта.

— Напэўна, нейкі вірус падхапіў, пройдзе, — адмахнуўся ў адказ на маю заўвагу.

Ягоны сыход быў такі імклівы, такі неспадзяваны, такі заўчасны...Так крыўдна, што адыходзяць ад нас адзін за адным у зусім не старым яшчэ веку добрыя, здольныя, прыгожыя людзі».

Вядучая Алена Радкевіч — пра сябра і калегу.

«Сябар і верны таварыш. З гітарай у руках на любой вечарыне, у нязьменных навушніках у студыі, з усьмешкай заўсёды. Ён любіў радыё. Яшчэ ў Белтэлерадыёкампаніі, запісваючы спэктаклі, паляваў на гукі — калі трэба было стварыць атмасфэру, лез на дах, падпільноўваў вуркатаньне галубоў, завываньне ветру, запісваў усё сам, не давяраючы аўдыёбібліятэкам. Гаварыў мала, жартаваў шмат.

Больш надзейнага таварыша не ўяўляю. Да яго можна было зьвярнуцца зь любой праблемай: адрамантаваць машыну, прачысьціць кампутар, папрасіць сустрэць у аэрапорце, аддаць на час адпачынку сабаку. Не бывала, каб адмовіў. Зацяты рыбак, апантаны грыбнік — ён сілкаваўся прыродай. Мы сябравалі ўчатырох: ён, гукарэжысэр Уладзя Сакульскі і мая сабака Гэлька. Сёньня у мяне не засталося больш нікога з гэтай апоры».

Анатоль на рыбалцы
Анатоль на рыбалцы


Аналітык Свабоды Юры Дракахруст.

Не ўкладаецца ў галаве, у душы. Днямі ж толькі размаўлялі, Толя, як заўсёды, тэлефанаваў, казаў: «Файл гатовы, забірай». Як гэта — ён не прыедзе больш у Прагу, больш не папалім з кавай у нашай курылцы, не абмяркуем усё на сьвеце? А вось так. Больш ніколі.

У той курылцы ў свой апошні прыезд Толя распавядаў пра свае пляны — жыцьцёвыя і прафэсійныя. Любіў жыцьцё, са смакам жыў. І цьвёрдых поглядаў быў чалавек, не вагаўся, не круціў. Надзейны. Рэдкая якасьць у наш ненадзейны час.

І Майстра сваёй справы. Усе аўдыётэхнікі нашага бюро — яго вучні ў пэўным сэнсе. Далей без настаўніка давядзецца.
Бывай, Толя. Зямля пухам. Там ужо папалім разам — пры сустрэчы.

Падчас жывога эфіру. У студыі Ганна Соўсь і Івонка Сурвіла. Гукарэжысэр -- Анатоль Бублікаў
Падчас жывога эфіру. У студыі Ганна Соўсь і Івонка Сурвіла. Гукарэжысэр -- Анатоль Бублікаў

Словы памяці аднамесьніка дырэктара беларускай Свабоды Багдана Андрусышына.

«Анатоль быў такі дабрак! Ніколі з маім даўнім калегам ня было ніякіх канфліктаў ці спрэчак; заўсёды прыветлівы, з усьмешкай, як на працы, так і па-за ёю. Як супрацоўнік, надзвычай дбаў пра гукавую якасьць нашых радыёперадачаў, быў старанным, адданым, надзейным, нават калі праблемы ўзьнікалі сярод ночы, і трэба было ўставаць з ложку і пільна вяртацца ў студыю. Шчырыя спачуваньні Тацяне і дзецям. Адно суцяшэньне, хіба, што адыйшоў наш калега і сябра бяз мукаў. Але ж зарана, зарана».


Вядучая Свабоды Алена Ціхановіч пра Анатоля Бублікава.

«Анатоль быў маім надзейным калегам цягам сотняў радыёэфіраў. Яго імя не гучала ў праграме, але менавіта ён забясьпечваў тэхнічны бок усяго, што робіць радыё слухальным: рэпартажы з месцаў, жывыя ўключэньні карэспандэнтаў, дасканалае дапасаваньне гуку і музыкі. Гэта ён умеў і любіў. У эфіры ня рэдка прапаноўваў „сваіх“ Песьняроў — зь якімі калісьці пачынаў, як гукарэжысэр.

У Прагу Анатоль прыяжджаў у пэрыядычныя камандзіроўкі. З задавальненьнем тут вучыўся чэскім звычаям і мове, а з сабой заўсёды прывозіў беларускія гасьцінцы: чорны хлеб, сала, салёныя агуркі ўласнай засолкі. Фота яго ўнучкі дагэтуль вісіць на ягоным працоўным месцы, якое на жаль, ён ніколі больш не наведае. Прыветнага, таварыскага, працавітага Анатоля Бублікава нам будзе не хапаць».

Пра калегу і сябра ўспамінае Сяргей Шупа:

«Толік быў чалавекам майго пакаленьня, майго часу. Мы прыехалі працаваць у Прагу ў адзін дзень пятнаццаць гадоў таму, і пару месяцаў супольнага жыцьця ў службовай кватэры надзвычай нас зблізілі. Гэта быў нібыта стары сябра з тых часоў, калі табе было пятнаццаць, калі так проста было адрозьніць дабро і зло, калі сяброўская вернасьць і адданасьць былі найвышэйшымі якасьцямі, калі бацькі былі яшчэ маладыя, а сьвет шырокі, а наперадзе чакала яшчэ доўгае-доўгае жыцьцё. З такім сябрам можна было гаварыць пра ўсё што заўгодна, або можна было проста маўчаць і разумець бязь лішніх словаў, можна было давяраць як самому сабе.

Толік увайшоў у маё жыцьцё яшчэ і тым, што дзякуючы яму я пазнаёміўся з маёй будучай жонкай — яна сьпявала джаз і боса-новы ў адным з праскіх рэстаранаў, куды Толік завёў аднойчы паслухаць жывую музыку. Пасьля мы часта сустракаліся разам зь ім і ягонай жонкай Таняй у Менску і Празе і гаварылі пра самыя розныя простыя і жыцьцёвыя рэчы — такія, пра якія, бадай, ні з кім іншым і не пагаворыш...

Калі табе пятнаццаць, табе здаецца, што блізкія людзі і сябры будуць жыць вечна, ну або так доўга, што пра гэта можна асабліва не задумляцца. Чамусьці пра Толіка мне так думалася і дагэтуль. А як з гэтым быць далей, ня ведаю».

Пра калегу — супрацоўнік Свабоды Сяргей Абламейка.

«Толя, Толя... Менавіта так я зьвяртаўся да яго ўсе гады сумеснай працы. Форма «Анатоль» неяк не стасавалася ў маім разуменьні да яго. У «Толі» было як бы маё прызнаньне ягонай добразычлівасьці, прыязнасьці да ўсіх і ўдзячнасьці яму за гэта. Можа і праўду кажуць, што найлепшыя сыходзяць першымі? Ну сапраўды: ня злы, не зайздросны, не інтрыган, не кар’ерыст... Наадварот: таварыскі, усьмешлівы, прыязны, гатовы дапамагчы, цудоўны і клапатлівы прафэсіянал... Усё мог зрабіць сваімі рукамі, нават машыны рамантаваў... Даводзілася зь ім сустракаць Новыя гады ў Празе і слухаць ягоныя «кавэры» вядомых песень пад гітару... Некалькі гадоў таму ў яго зьявілася першая ўнучка, і ён яе абагаўляў... Яго працоўнае месца ў Празе было побач з маім, і ён кожны дзень паказваў мне новыя фоткі сваёй дарагой дзяўчынкі... Цудоўная жонка, выкладчыца беларускай мовы, працавітыя сын і дачка... І раптам такая недарэчнасьць... Вечная памяць!»

Ля магілы Вацлава Гаўла ў Празе. Пасярэдзіне Анатоль Бублікаў, зьлева Ўладзя Сакульскі.
Ля магілы Вацлава Гаўла ў Празе. Пасярэдзіне Анатоль Бублікаў, зьлева Ўладзя Сакульскі.

Музыказнаўца Зьміцер Падбярэскі ўспамінае свайго калегу і сааўтара па праграме «Свабода-джаз».

«Тое не дзяжурныя словы, але працаваць з Анатолем мне было вельмі ўтульна і спакойна. Зрэшты, як і зь іншым адмыслоўцам гуку — Валодзем Сакульскім. Тое неверагодна, але ў гэтых вельмі розных людзей было шмат агульнага. Разважлівасьць, адсутнасьць мітусьні, але галоўнае — незвычайны прафэсіяналізм і ўпэўненасьць у сабе саміх. Тое я выдатна адчуў асабліва падчас амаль трох месяцаў вахты ў Празе, дзе яны абодва дапамагалі (не! Былі сааўтарамі!) выдаваць у эфір праграму Свабода-джаз.

Канешне, жывыя эфіры не абыходзіліся часам без нейкіх накладак з майго боку, на тое яны і жывыя. І калі ў такіх сытуацыях даводзілася выслухваць нешта непрыемнае ва ўласны адрас ад таго ж Анатоля, дык ніякай крыўды гэта не выклікала. Крыўдаваць за самога сябе проста не выпадала, бо найперш прыходзіла разуменьне таго, што для вядоўцы досьвед Анатоля — гэта найперш выключная школа, якую магчыма было скончыць толькі на «выдатна» альбо ня скончыць наогул ніколі. Я, лічу, здолеў вытрымаць экзамэн Бублікава. І з задавальненьнем паступіў былі ў ягоную клясу яшчэ раз. Бядую, што цяпер гэта ўжо немагчыма...

Выдатнае валоданьне прафэсіяй у гукарэжысёраў практычна заўсёды суправаджаецца і адмысловым веданьнем уласна музыкі. На густы Анатоля Бублікава можна было абапірацца заўсёды. Для той жа праграмы Свабода-джаз ён не аднойчы падказваў мне раней мною ня чутых выканаўцаў, творы якіх абсалютна дакладна ўкладаліся ў канцэпцыю праграмы. Абгрунтавана радзіў з укладаньнем плэй-лістоў, цярпліва, як настаўнік, вучыў працы з пультам і мікрафонам. І мне перадавалася ягоная ўпэўненасьць. Цалкам верагодна, што менавіта з-за гэтага замест плянаванага месяца ў Празе я затрымаўся там яшчэ на два.

На такі людзях, як Анатоль, трымаецца прафэсія. І гэта ня ёсьць вынік набытай за партай адукацыі, а плён усьведамленьня ўласных сіл, магчымасьцей. А таксама таго, што ты неабходны калегам, а празь іх — і ўсім слухачам радыё, нават калі яны й ня ведалі, што слухаюць яго з дапамогай Анатоля Бублікава. Вось чаму Анатоля цяпер не хапае ня толькі мне... Зрэшты, зробленае ім яшчэ доўга будзе неўпрыкмет лунаць у прасторы. Сьветлая памяць!»

Анатоль Бублікаў нарадзіўся 29 траўня 1961 году ў горадзе Нарафамінску Маскоўскай вобласьці. Потым сямʼя пераехла ў Беларусь. Тут ён вучыўся ў школе, адслужыў у войску, скончыў Менскі інстытут культуры.

Разьвітаньне з Анатолем Бублікавым адбудзецца ў нядзелю, 9 кастрычніка, а 14-й гадзіне ў рытуальнай залі 9-й бальніцы (вуліца Сямашкі, 9).

Пахаваюць яго на могілках у вёсцы Лешніца Пухавіцкага раёна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG