Міністар энэргетыкі Расеі Аляксандар Новак у інтэрвію радыёстанцыі «Эхо Москвы» агучыў новыя лічбы наконт запазычанасьці Беларусі за газ.
«Тая лічба, якая была апошняй парадку дзесьці 270-300 мільёнаў даляраў», — адзначыў ён.
Спрэчкі Менска і Масквы пра цэны на газ ідуць з пачатку году. Пакуль ідуць перамовы, Газпрам налічвае Беларусі запазычанасьць, якую беларускі бок ня лічыць абгрунтаванай. Апошнім разам расейскі бок агучваў лічбу доўгу ў 270 мільёнаў даляраў.
Паводле міністра, у пляне вырашэньня газавай спрэчкі «разглядаюцца розныя варыянты». Пры гэтым ён запэўніў, што Беларусь «ня зьмерзне» ў гэтым годзе.
«Не, у нас няма такой нават мэты і задачы. Беларусь працягвае купляць газ. Ёсьць тут толькі некаторыя рознагалосьсі зь беларускімі партнэрамі ў трактоўцы тых пагадненьняў, якія былі падпісаныя яшчэ ў 2007 годзе, у 2009 годзе ў адносінах да цэнаўтварэньня», — кажа Новак.