Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На гарадзенскім рынку палова гандлёвых месцаў пустуе


На рынку «Цэнтральны» ў Горадні
На рынку «Цэнтральны» ў Горадні

Рэпартаж Свабоды з рынку «Цэнтральны» ў Горадні.

Гарадзенскія гандляры кажуць, што пераважная большасьць зь іх, далей працуючы, парушае ўказ № 222, і ўлады ведаюць пра гэта.

У той самы час ім дазваляюць працаваць, ня чынячы масавых праверак, паколькі добра разумеюць, што недаатрымаюць у бюджэт і гэтых падаткаў, якія зараз плацяць прадпрымальнікі з рынкаў.

На гарадзенскім рынку «Цэнтральны» пануе атмасфэра, якая даўно ўсталявалася: нешматлюдна, гандляры таварамі лёгкай прамысловасьці сядзяць побач з сваімі працоўнымі месцамі і сумна паглядаюць на нешматлікіх пакупнікоў, якія ходзяць па гандлёвых радах.

Пытаюся ў мужчыны, які гандлюе курткамі і швэдрамі, як працуецца, ці нешта прадаецца. Ён у адказ паказвае рукой на рынак, маўляў, паглядзіце, пакупнікоў амаль няма і гандляроў значна паменела.

— У нас палова пустых месцаў, неяк прыкметна гандляры пачалі закрываць гэты бізнэс, бо ня выжыць: падаткі заплаціш і на жыцьцё не застаецца. Няма грошай у людзей, а значыць, няма бізнэсу.

Да нашае размовы далучаюцца іншыя гандляры, паколькі працай ніхто не заняты. Пытаюся, ці выконваюць на рынку патрабаваньні ўказу № 222, ці маюць усе адпаведныя дакумэнты? Гандляр джынсамі ўпэўнена кажа, што зараз гэтае пытаньне не самае актуальнае.

— У нас на рынку цяпер толькі кропкавыя праверкі, часам санстанцыя прыйдзе, а падаткавікі ня ходзяць. Бо калі яны прыйдуць, то 80% людзей, якія сёньня яшчэ гандлююць, адразу разьбягуцца, бо ня маюць адпаведных дакумэнтаў.

Яго адразу падтрымлівае жанчына-прадавачка і кажа, што ўлады трохі паразумнелі ў дачыненьні да іх, але ёсьць яшчэ над чым думаць:

— Яны ведаюць, што мы не выконваем гэтага ўказу і наш бізнэс, па сутнасьці, ледзь ліпіць, але нас не чапаюць, бо хоць нейкія падаткі ў бюджэт яшчэ атрымліваюць. А калі нас ня стане, то і гэтага ў бюджэце ня будзе. Зразумела, калі каманда паступіць, то прыйдуць адразу. Але шкада, што яны ніяк ня могуць сваім розумам дайсьці да таго, каб стварыць нам для працы нармальныя ўмовы, каб мы больш зараблялі і болей плацілі падаткаў.

Яшчэ адзін спадар удакладняе:

— Яны ж выдатна ведаюць, што мы нічога не крадзём, не парушаем, а дакумэнты, якія паводле гэтага ўказу патрабуюць, наогул не існуюць у прыродзе, то безумоўна лепей, каб мы працавалі і плацілі нешта ў бюджэт. А нам за месяц трэба аддаць на падаткі, арэнду і астатнія выплаты не меней за 500 рублёў. А яшчэ трэба зарабіць нешта на жыцьцё...

Іншая спадарыня кажа, што ўсё гэта сытуацыю і так не ратуе. Яна паказвае на пустыя гандлёвыя рады і кажа, што ўсё адбываецца само сабою.

— Вось пасядзіць чалавек тыдзень, другі, трэці — і ніякага прыбытку, і па тавар ехаць няма грошай, бярэ і закрываецца. Цяпер гэта ўсё так проста выглядае, паколькі і пазычыць ты ўжо нідзе ня зможаш. І вось так незаўважна людзі зьнікаюць з рынку.

Адна з гандлярак распавядае сваю гісторыю, маўляў, пакінула ўжо працаваць, знайшла працу прыбіральшчыцай на два мільёны, але грошай не хапіла на пражыцьцё, таму вымушана была вярнуцца на рынак.

— Я жыву адна, думала, што на адной працы 2 мільёны зараблю, уладкуюся яшчэ на адну. Але на першай працы пачалі патрабаваць, каб сядзела цэлы дзень з 9 да 18 — і гэта за два мільёны! Шукала нешта іншае, абышла невядома колькі розных фірмаў — няма працы. Вярнулася сюды і таксама сяджу, продажаў няма, давядзецца зноў усё згортваць. Ня ведаю, што далей рабіць, так ужо сумна жыць стала, і нідзе нікому ты не патрэбна... У газэце чытаеш, што ў нас 380 даляраў заробак, а дзе ні пайдзі, то і двухсот людзі не зарабляюць.

Як правіла, першымі гандляваць пакінулі людзі маладзейшыя, і большасьць зь іх паехалі працаваць за мяжу. Мне ўдакладняюць, што восем чалавек толькі з гэтага рынку нядаўна ад’ехалі ў Швэцыю. Адзін з прадпрымальнікаў кажа, што з гэтага таксама нічога добрага ня будзе:

— Яны ўсе маладыя, прычым паехалі парамі, а дзяцей пакінулі на бабак і дзядоў. Можа, і заробяць, а дзеці ж бязь іх будуць гадавацца...

Жанчына перадпэнсійнага ўзросту ўпэўненая, што і гэтыя гандляры ўжо адсюль разышліся б, але няма куды ісьці.

— Вы паглядзіце, людзі атрымліваюць па два мільёны і зубамі трымаюцца за гэтую работу. Я хадзіла шукала працу, але безвынікова. У нас усе імкнуцца з’ехаць за мяжу, іншага выйсьця няма. Мы вось тут падлічылі, што за год у пэнсійны фонд пералічваем 600 даляраў, а пэнсію калі нашы жанчыны атрымліваюць, то толькі па 1700 тысяч на старыя. Наша суседка тут была: 20 гадоў на заводзе адпрацавала і 12 на рынку — і такая пэнсія. Вось як гэта можа быць такое?

Паводле зьвестак Белстату, на 1 ліпеня 2016 году колькасьць ІП у Беларусі скарацілася на 3,7%. У Гарадзенскай вобласьці колькасьць зарэгістраваных індывідуальных прадпрымальнікаў скарацілася на 5,7%.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG