Вярхоўны Суд апублікаваў дэталі справы 25-гадовай грамадзянкі Беларусі, якой далі 12 гадоў калёніі агульнага рэжыму за перавозку паўтары таблеткі экстазі. Імя жанчыны не называецца цалкам: суд пра яе піша, як пра «Б.».
Жанчына прыляцела ў Беларусь з Турэцкай Рэспублікі Паўночнага Кіпру 7 студзеня 2016 года. Пазьней, 8 студзеня, прыбыў яе багаж: Б. мела ў дарожным чамадане паўтары таблеткі MDMA (з рэчывамі, што не выкарыстоўваюцца ў мэдычных мэтах), запакаваныя ў шкарпэтку. Таблеткі былі знойдзеныя ў час надгляду багажу (іх унюхаў службовы сабака).
Але аглядалі багаж ня проста так. На сайце суду тлумачыцца:
«На судовым пасяджэньні высьветлена, што з мэтай выкрываньня супрацьпраўнай дзейнасьці Б., падазраванай у пошуку ёю дзяўчат для вывазу ў Турэцкую Рэспубліку для занятку прастытуцыяй, арганізацыі іх вылету, ажыцьцяўляўся комплекс санкцыянаваных апэратыўна- вышуковых мерапрыемстваў. Атрыманыя зьвесткі дазволілі атрымаць інфармацыю аб наяўнасьці ў багажы, які належыць абвінавачванай, 1,5 таблеткі экстазі».
Перапіску і тэлефонныя размовы жанчыны выкарыстоўвалі ў судзе. Выявілася, што яна па прылёце ў Менск зьвязвалася па тэлефоне са знаёмымі, якім паведамляла, што турбуецца аб затрымцы багажу, дзе засталіся схаваныя таблеткі. Адна з дапытаных на судзе заявіла, што займалася прастытуцыяй у Паўночным Кіпры і ведала, што Б. неаднаразова ўжывала экстазі. У перапісцы, якую атрымаў суд, Б. абмяркоўвала прыём экстазі (гаворыцца пра «лятучкі» і «флай») і чаканы эфэкт ад яго. Ад мужа, шлюб зь якім зарэгістраваны на тэрыторыі Турэцкай Рэспублікі, яна атрымала ўзоры белых таблетак.
З кантэксту перапіскі суд зрабіў выснову, што жанчына ведала пра забароненасьць таблетак і пра адсутнасьць лекавага эфэкту ад іх, хавала іх наўмысна. Яе паказаньні пра тое, што яна не зьбіралася прадаваць таблеткі і хацела ўжываць іх як супакаяльны сродак у алькагольным кактэйлі, суд палічыў неверагоднымі.
З улікам характару, матываў і мэты злачынства, стаўленьня жанчыны да яго, а таксама таго, што яна часткова прызнала злачынства і раней не прыцягвалася да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасьці, улічваючы адсутнасьць абцяжарвальных абставінаў, суд даў ёй 6 гадоў пазбаўленьня волі за кантрабанду і 12 гадоў — за перавозку і захоўваньне асабліва небясьпечнага рэчыва. Пакараньні не сумуюцца, дзяўчына мае адбыць 12 гадоў у калёніі агульнага рэжыму без канфіскацыі маёмасьці.
У Байнэце прысуд палічылі занадта жорсткім, асабліва на фоне таго, што за забойства чалавека часам даюць меншыя пакараньні. Напрыклад, за забойства на падставе гамафобіі нядаўна далі толькі 3 гады.