Увечары 23 верасьня стала вядома, што студэнт Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту загінуў у выніку падзеньня з 9-га паверху інтэрнату ў студэнцкім гарадку.
Выявілася, што гэта быў 22-гадовы студэнт перакладніцкага факультэту Берке Цюлюлер, які паходзіў з Турэччыны. Нябожчык жыў на 13-м паверсе таго самага інтэрнату. Пра гэта Радыё Свабода паведаміў сябар загінулага Мэрт Кюлахджылар.
Бацькі Берке ўжо прыехалі ў Менск. Ад сустрэчы з журналістамі Свабоды яны адмовіліся і папрасілі сяброў сына таксама не рабіць гэтага.
«Бацькі папрасілі, каб вы напісалі пра тое, што ўжылі захады, каб зрабіць інтэрнаты больш бясьпечнымі. Таксама яны ўбачылі ў навінах, што ён паходзіў з Туркмэністану, а ён быў з Турэччыны», — паведаміў Мэрт Кюлахджылар.
«Там адзін аранжавы будынак і два крылы. Гэта здарылася ў крыле МДЛУ. Ён быў у хатнім адзеньні. Калі ён падаў, то крычаў, і было адчуваньне, што ён хоча зьмякчыць падзеньне. Студэнты МДЛУ кажуць, што яго скінулі», — паведаміла Радыё Свабода студэнтка журфаку БДУ, інтэрнат якой разьмяшчаецца ў тым самым будынку.
Студэнтка лінгвістычнага ўнівэрсытэту, якая жыве на 10-м паверсе кажа, што ў гэты дзень хлопец з кімсьці моцна пасварыўся. Яна просіць не называць яе імя, бо баіцца перасьледу з боку турэцкай амбасады.
Як паведамляе TUT.BY, у дзень здарэньня загінулы студэнт адсутнічаў на занятках.