Актывістаў Зьмітра Дашкевіча і Сяргея Пальчэўскага, якія меліся сёньня ўдзельнічаць у зборы подпісаў на менскім праспэкце Незалежнасьці за наданьне бел-чырвона-беламу сьцягу статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці, на некалькі гадзінаў затрымала міліцыя.
Зьмітра Дашкевіча трымалі ў Першамайскім раённым упраўленьні ўнутраных спраў Менску, а Сяргея Пальчэўскага ў Цэнтральным.
Як расказаў Радыё Свабода Зьміцер Дашкевіч, яго схапілі каля Камроўскага рынку «два бандыты ў цывільным», якія не прадставіліся, забралі ў яго тэлефон і закінулі ў мікрааўтобус. Яго адвезьлі ў Першамайскае РУУС, дзе трымалі шэсьць гадзінаў без усялякіх абвінавачаньняў, не складаючы ніякіх пратаколаў.
Паводле Дашкевіча, міліцыянты казалі, што гэта не затрыманьне, а размова, таму яна можа цягнуцца неабмежаваны час. Супраць Сяргея Пальчэўскага таксама не было абвінавачаньняў і не складалі пратаколаў, кажа Зьміцер Дашкевіч.
24 верасьня з 11-ай раніцы на менскім праспэкце Незалежнасьці праходзіў збор подпісаў за наданьне бел-чырвона-беламу сьцягу статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці.
Акцыю зладзілі актывісты «Маладога фронту» і аргкамітэту партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя». Адзін з арганізатараў збору подпісаў Зьміцер Дашкевічна акцыю не зьявіўся. Таксама актывісты не дачакаліся Сяргея Пальчэўскага, які мусіў прывезьці зьбіральнікам подпісаў адмысловую расьцяжку, якая б інфармавала пра акцыю. Пальчэўскі, паводле зьвестак «Маладога фронту», быў затрыманы на ўваходзе ў мэтро. Іншых зьбіральнікаў подпісаў міліцыянты не затрымлівалі і не заміналі імі падчас акцыі.