Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якую палітычную функцыю выконвае праваслаўная царква ў Беларусі?


Абмяркоўваюць Уладзімер Глод, Валер Каліноўскі і Валер Карбалевіч.

Валер Карбалевіч: Аляксандар Лукашэнка пэрыядычна сустракаецца з кіраўніцтвам Беларускай праваслаўнай царквы. Прычым ня толькі на сьвяты Раства Хрыстовага і Вялікдзень, а ладзіць і адмысловыя сустрэчы.

Вось і 22 верасьня Лукашэнка сустрэўся з Сынодам Беларускай праваслаўнай царквы (БПЦ). Здаецца, квінтэсэнцыю ролі БПЦ у краіне замыкае ў сабе наступная рэпліка кіраўніка Беларусі: «Асабліва падкрэсьлю канструктыўную пазыцыю духавенства ў дачыненьні да сучасных палітычных падзей, якія адбываюцца ў нашай краіне».

Што маецца на ўвазе, зразумела. Нагадаю, напрыклад, што 2 кастрычніка 2015 году, за тыдзень да прэзыдэнцкіх выбараў, адбылося перадвыбарчае шоў «Малітва за Беларусь», якое незалежныя мэдыі назвалі «Малітвай за Лукашэнку». Тады кіраўнік БПЦ мітрапаліт Павел, зьвяртаючыся да Лукашэнкі, казаў: «Ваша правасхадзіцельства, паважаны Аляксандар Рыгоравіч... наш бацька... Мы стаім на парозе важнага выбару. Ад імя ўсіх праваслаўных хачу выказаць падтрымку вашай палітыкі». Зразумела, у адказ улады падтрымліваюць БПЦ.

усе беларускія канфэсіі амаль ня умешваюцца ў грамадзкія працэсы. Яны не выказваюцца па маральных праблемах, яны маўчаць, занятыя выключна сваімі ўнутранымі пытаньнямі

Лукашэнка заклікаў БПЦ граць большую ролю ў сацыяльным жыцьці. Тут варта адзначыць, што ўсе беларускія канфэсіі амаль ня умешваюцца ў грамадзкія працэсы. Яны не выказваюцца па маральных праблемах, яны маўчаць, занятыя выключна сваімі ўнутранымі пытаньнямі. І гэта моцна адрозьнівае Беларусь ад іншых краін.

Усе зьвярнулі ўвагу на такую рэпліку Лукашэнкі падчас гэтай сустрэчы: «Тут павінны служыць беларусы, няхай замежнікі і бязьмежна адданыя нашаму народу і дзяржаве. Зь першых дзён свайго прэзыдэнцтва я праводжу гэтую лінію, перш за ўсё ў дачыненьні да каталікоў».

Як звычайна, у Лукашэнкі ў адной фразе супярэчлівыя тэзісы. Спачатку кажа, што тут павінны служыць беларусы. І гэта правільна. Я падтрымліваю такую пазыцыю. Гістарычны досьвед кажа, што будаўніцтва нацыянальнай царквы — гэта складовая частка будаўніцтва нацыянальнай дзяржавы.

Алу тут жа Лукашэнка абвяргае сам сябе і кажа: няхай служаць і замежнікі. І я разумею гэтую агаворку. Таму што Беларускай праваслаўнай царквой кіруе грамадзянін Расеі — мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Павел. Згодна з законам «Аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыях» ён павінен быў прыняць беларускае грамадзянства. Яшчэ ў 2014 г. мітрапаліт Павел заяўляў, што гатовы да гэтага. Аднак на пытаньні журналістаў прэс-служба БПЦ адказвае, што новай інфармацыі на гэты конт няма. Упартае нежаданьне Паўла выконваць закон і прыняць беларускае грамадзянства зразумелае. Беларусь для яго — часовае месца працы. Ён разьлічвае на далейшую кар’еру ў расейскай праваслаўнай царкве.

Думаю, таксама нездарма Лукашэнка падкрэсьліваў падчас сустрэчы ролю праваслаўнай царквы ў захаваньні міжканфэсійнага міру ў Беларусі. Бо ягоныя паездкі ў Ватыкан, упартае жаданьне арганізаваць у Беларусі сустрэчу папы Рымскага з патрыярхам Кірылам выклікаюць раздражненьне ў РПЦ. Таму і такія заклікі.

Валер Каліноўскі: Я б зьвярнуў увагу на словы Лукашэнкі, што «ў Беларусі ў цэрквах павінны служыць беларусы». Лукашэнка казаў, што зь першых дзён свайго прэзыдэнцтва ён праводзіць гэтую лінію, перш за ўсё ў дачыненьні да каталікоў. І зрухі ашаламляльныя: вельмі шмат прыйшло сьвятароў-беларусаў у каталіцкую царкву«.

Гэта такі адкрыты тролінг мітрапаліта — адкрыта на сустрэчы ня згадвалася, што Беларускай праваслаўнай царквой кіруе расеец

Гэта такі адкрыты тролінг мітрапаліта — адкрыта на сустрэчы ня згадвалася, што Беларускай праваслаўнай царквой кіруе расеец —мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Павел, япіскап Рускай праваслаўнай царквы і сталы чалец Сьвятога сыноду РПЦ.

Яго перавялі ў Менск з Разані, дзе ён дазваляў сабе шавіністычныя выказваньні, у тым ліку — што Расея супраць Захаду гатовая адкрыць «чарнобыльскі кранік». Тут ён паводзіць сябе цішэй, але нядаўна дазволіў сабе заяву, што Унія ня ёсьць нацыянальнай рэлігіяй беларусаў.

Мітрапаліт Павел, грамадзянін Расеі, абяцаў атрымаць беларускі пашпарт і вывучыць беларускую мову, але ці зрабіў ён гэта, на сёньня невядома. Па-беларуску ён дакладна публічна не гаворыць. Прызначаны ён быў з парушэньнем беларускага закону, паводле якога кіраўнікі рэлігійных аб’яднаньняў могуць быць толькі грамадзянамі Беларусі.

Лукашэнка ня змог абараніць беларускі закон ад ціску РПЦ, і вось яму застаецца толькі выказваць мітрапаліту пажаданьні.

Роля праваслаўнай царквы ў Беларусі відавочная тым, што гэта не беларуская царква, а расейская, яе сьвятары абараняюць інтарэсы Расеі і «русского мира», пры цэрквах зьбіраюцца ўсякія казачкі, дзяцей возяць на летнікі, і там нічому беларускаму іх ня вучаць.

У Расеі РПЦ умешваецца ва ўсе галіны грамадзкага жыцьця. У Беларусі пакуль гэта стрымліваецца, гэта ня так выразна, бо тут ёсьць цэрквы-канкурэнты, каталікі і пратэстанты. Але сутнасьць РПЦ ад гэтага не мяняецца. Расейская ўлада выкарыстоўвае РПЦ для гібрыднай вайны ва Ўкраіне. І, мяркую, будзе гатовая выкарыстаць яе дзеля таго самага ў Беларусі.

Лукашэнка разумее, што адбываецца ў праваслаўнай царкве, і схіляе яе больш уцягвацца ў сацыяльныя праекты, дзейнічаць дзеля ўмацаваньня міжканфэсійнай згоды. Але кіруюць БПЦ у Маскве, і загады яна выконвае тыя, якія прыходзяць адтуль.

Уладзімер Глод: Валер Карбалевіч сфармуляваў сваё пытаньне так: «Якую палітычную функцыю выконвае праваслаўная царква ў Беларусі?». Рыхтуючыся да сёньняшняй размовы, я згадаў мінулагоднюю гісторыю. «Малады Фронт» летась апублікаваў «чорную сотню» — сьпіс арганізацыяў, якія, на думку актывістаў, рыхтуюць «здачу Беларусі Расейскай Фэдэрацыі». У сьпіс расейскіх нацыяналістычных суполак трапілі такія скандальна вядомыя арганізацыі, як беларускае аддзяленьне Нацыянал-бальшавісцкай партыі, клюб «Казацкі Спас», арганізацыя «Русь Маладая» ды некаторыя іншыя.

Па гарачых сьлядах палітоляг Павал Вусаў сказаў, што галоўнае, чаго не хапае гэтаму сьпісу, — гэта Рускай праваслаўнай царквы. Маўляў, «Малады Фронт» забыўся пра самую ўплывовую арганізацыю, якая прасоўвае «русский мир» у Беларусі. Бальшыня арганізацыяў з «чорнага сьпісу» — вельмі малыя. Яны істотна не ўплываюць на грамадзкую думку. А вось царква — вялікая і ўплывовая.

Лукашэнка заўжды казаў, што высока цэніць ролю праваслаўнай царквы. І калі вярнуцца да ягоных ранейшых выказваньняў — напрыклад, на пачатку 2000-х, то ён хваліў царкву за аб’яднаньне народаў, захаваньне адзінай духоўнай прасторы пасьля распаду Савецкага Саюзу. «Гэта тое адзінае магутнае і жывое, чаго не ўдалося зламаць пасьля распаду СССР», — сказаў Лукашэнка.

праваслаўная царква ў Беларусі наагул прывілеяваная. Ня маюць столькі прывілеяў ні каталікі, ні юдэі, ні мусульмане

Учора Лукашэнка чарговым разам выступіў як гарачы прыхільнік і ахоўнік праваслаўнай царквы. Ён таксама паказаў, што па-ранейшаму лічыць праваслаўных герархаў сваімі аднадумцамі і хаўрусьнікамі. Можна наўпрост казаць, што праваслаўная царква ў Беларусі наагул прывілеяваная. Ня маюць столькі прывілеяў ні каталікі, ні юдэі, ні мусульмане. І гэта своеасаблівая ўзнагарода за царкоўную падтрымку той палітыкі, якую праводзіць цяперашняе кіраўніцтва Беларусі. Валер Карбалевіч трапна сказаў, што мітрапаліт Павел праводзіў малітву за перамогу на прэзыдэнцкіх выбарах менавіта Лукашэнкі, а не прадстаўнікоў апазыцыі, дэмакратычнай супольнасьці.

А што тычыцца расейскага грамадзянства Паўла, то сапраўды дзіўна выглядае, што беларускую царкву ачольвае грамадзянін Расеі. Але ж у сучаснай Беларусі былі падобныя выпадкі. Напрыклад, Іван Антановіч, які кіраваў Міністэрствам замежных спраў Беларусі, на той час меў расейскае грамадзянства.

Я падзяляю занепакоенасьць Валера Каліноўскага актыўнасьцю расейскага праваслаўя. Гляджу, як яна набірае ўсё большыя абароты ў Расеі, як царкоўнікі ўмешваюцца ва ўсе сфэры расейскага жыцьця. Цяпер і Крэмль, і Руская праваслаўная царква па ўсіх асноўных пытаньнях выступаюць адным голасам. Гэта выразна было бачна і ў дачыненьні да Ўкраіны. Таму небясьпечна для нашай краіны, калі Беларуская царква, якая, на маю думку, знаходзіцца ў абсалютнай залежнасьці ад расейскай царквы, набірае ўсё большую моц у Беларусі. І тут я салідарны з Паўлам Вусавым. Менавіта праваслаўная царква — галоўная з арганізацыяў, якая прасоўвае ідэі «русского мира» ў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG