Цэнтравыбаркам Беларусі зацьвердзіў вынікі выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў 11 верасьня, перадае БЕЛТА. Першыя паседжаньні новага парлямэнту з 2 незалежнымі дэпутатамі са 110 пройдуць 11 і 12 кастрычніка.
На паседжаньні ЦВК старшыня камісіі Лідзія Ярмошына зрабіла шэраг заяваў па выніках парлямэнцкіх выбараў. Галоўным дасягненьнем выбараў яна лічыць «адкрытасьць мясцовых уладаў да вядзеньня кандыдатамі ў дэпутаты агітацыйных мерапрыемстваў».
Даклад БДІПЧ АБСЭ, у якім выбары былі прызнаныя неадпаведнымі міжнародным стандартам, Ярмошына назвала «даволі збалянсаваным», хоць ЦВК «не ўва ўсім пагадзіўся» з дакладам.
Таксама Ярмошына сказала, што «незадаволеная сябрамі ўчастковых камісіяў, якія сваімі сьпінамі закрывалі ад назіральнікаў працэдуру падліку галасоў».
Паводле старшыні ЦВК, ад кандыдатаў у дэпутаты паступіла толькі 10 скаргаў (дзевяць — з патрабаваньнем прызнаць выбары несапраўднымі, адна — з патрабаваньнем пералічыць галасы).