Іван Іванавіч Лучыц-Федарэц нарадзіўся ў вёсцы Акрутнае Драгічынскага раёна ў 1938 годзе, пасьля 1 клясы пераехаў зь сям’ёй у Драгічын. Пасьля школы паступіў у Львоўскі ўнівэрсытэт імя Івана Франка на чэскае аддзяленьне. Спачатку працаваў у турыстычным агенцтве. За чэскай авалодаў польскай, славацкай, сэрбскай і іншымі мовамі. Праз валоданьне шматлікімі мовамі быў запрошаны ў Інстытут мовазнаўства пры беларускай Акадэміі навук, дзе працаваў да самай пэнсіі. Стаў вядомым дасьледчыкам у Эўропе.
Асноўная ягоная праца — шматтомны Этымалягічны слоўнік беларускай мовы, над якім ён працаваў разам зь іншымі мовазнаўцуамі, выданьне яго вядзецца з 1978 году і працягваецца дагэтуль (на сёньня выйшла 13 тамоў, апошні — да літары Т). Для складаньня такога слоўніка якраз спатрэбіліся веды шматлікіх, ня толькі славянскіх моваў.
Акрамя таго, Іван Лучыц-Федарэц удзельнічаў ва ўкладаньні перакладных слоўнікаў (у тым ліку беларуска-латыскага, латыска-беларускага слоўніка), пісаў разнастайныя артыкулы на этымалягічныя тэмы (у тым ліку пра родную, драгічынскую гаворку), быў суаўтарам шэрагу кніг (у тым ліку «Лексыкі Палесься ў прасторы і часе»), браў удзел у стварэньні «Лексычнага атлясу беларускіх гаворак».
Ад 1995 году быў адным з заснавальнікаў, актыўным удзельнікам і старшынём менскага аддзяленьня Заходнепалескага навукова-краязнаўчага таварыства.
«Быў цудоўны чалавек, меў добрыя стасункі зь людзьмі, з супрацоўнікамі, — кажа Свабодзе яго сябар, лінгвіст і гісторык Фёдар Клімчук. — Пасьля таго, як ён адышоў, я паведамляў многім людзям пра гэта — многія плакалі».
«На такіх, як Іван Іванавіч, трымалася ўся навука — нягучна, спакойна, але грунтоўна», — заявіў з нагоды сьмерці Івана Лучыца-Федарца прафэсар Аляксандар Дулічэнка з Тарту.