Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Паразмаўляйце з лузэрамі і аўтсайдэрамі» — дэпутат, які прапанаваў штрафаваць за няяўку на выбары


У камэнтары тэлеканалу «Беларусь-1» будучы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк прапанаваў увесьці адказнасьць выбарнікаў за няяўку на выбары.

Ён спаслаўся на «досьвед краінаў Заходняй Эўропы», дзе нібыта існуе ці то адміністрацыйнае пакараньне, ці то грашовая кампэнсацыя за няяўку на выбары. Такую адказнасьць ён прапанаваў укараніць у Беларусі «з улікам прагрэсіўнага эўрапейскага досьведу», каб зэканоміць грошы, якія выдаткоўваюцца на выбары.

Будучы дэпутат адмовіўся даваць камэнтар Свабодзе:

«Няма для вас ніводнай хвіліны! Ні для кога няма хвіліны. Дайце адпачыць пасьля выбарчай гонкі. Паразмаўляйце з лузэрамі і аўтсайдэрамі», — сказаў Марзалюк і кінуў слухаўку.

У Беларусі на сёньня наведваньне выбараў не абавязковае. Але, паводле заяваў назіральнікаў, нярэдка студэнтаў, вайскоўцаў ці працаўнікоў заводаў прымушаюць датэрмінова галасаваць пад пагрозай пазбавіць інтэрнату, адлічыць і г.д. Агітаваць за байкот нельга: гэта, па словах старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай, разглядаецца як «агітацыя, якая распальвае сацыяльную варожасьць, бо сутыкае розныя групы насельніцтва». (Штрафаў і пакараньняў пакуль не было.)

Ігар Марзалюк — сябра Савету Рэспублікі, намесьнік старшыні сталай камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бясьпецы, загадчык катэдры археалёгіі і спэцыяльных гістарычных дысцыплін Магілёўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Куляшова, прафэсар. Беспартыйны. Паводле ЦВК, трапіў у Палату прадстаўнікоў з 49,2% галасоў. На ягоным участку таксама балятавалася беспартыйная дырэктарка школы Людміла Здорнікава (33,1%), кандыдаты ад АГП, БНФ і «Справядлівага сьвету» (у кожнага менш за 4%).

Няўжо сапраўды штрафуюць?

У трох дзясятках краінаў сьвету сапраўды дэкляруецца абавязковае галасаваньне, але ў шмат якіх штрафы не ўжываюцца на практыцы. Так, абавязковае галасаваньне існуе ў Бэльгіі з 1892 году, за няяўку на выбары можа прызначацца штраф (пры гэтым можна зьявіцца на ўчастку, але не галасаваць). Але зьвестак пра сапраўды прызначаныя штрафы за апошнія гады практычна няма.

Сярод краін, якія ўжываюць штрафы, — Аргентына, Бразылія, Пэру, Уругвай, Эквадор, Аўстралія, Конга, Сынгапур. Адзіная сярод такіх краін у Эўропе — Люксэмбург. У некаторых краінах для тых, хто не галасаваў, чыняцца перашкоды, але не адмовы ў дзяржабслугоўваньні: напрыклад, калі не прагаласаваць у Грэцыі, цяжэй будзе атрымаць новы пашпарт ці правы кіроўцы, у Італіі — запісаць дзіця ў дзіцячы садок.

Некаторыя краіны мелі абавязковае галасаваньне са штрафамі за ненаведваньне, але адмовіліся ад яго цягам XX стагодзьдзя. У ліку такіх — Аўстрыя, Гішпанія, Італія, Нідэрлянды, Партугалія, Швайцарыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG