Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хто вынікі выбараў ведаў заранёў — тыя асабліва не ўпіраліся» — кандыдаты з Горадні


На Гарадзеншчыне, паводле папярэдніх дадзеных, ніводзін кандыдат ад дэмакратычных партыяў і арганізацыяў не ўвайшоў у склад парлямэнту.

Многія апазыцыйныя кандыдаты ня згодныя з вынікамі выбараў, кажуць пра шматлікія парушэньні заканадаўства, фальсыфікацыі і рыхтуюць скаргі ў адпаведныя органы.

Кандыдат ад БНФ у Горадні Вадзім Саранчукоў заявіў Свабодзе, што не прызнае вынікаў выбараў. Кажа, што падчас галасаваньня зафіксавана мноства парушэньняў, практычна на кожным выбарчым участку, і з учорашняга вечара ягоная каманда піша скаргі, каб патрабаваць адмены вынікаў выбараў.

Вадзім Саранчукоў, кандыдат ад БНФ
Вадзім Саранчукоў, кандыдат ад БНФ

— Вельмі шмат рэальных парушэньняў, мы нават не чакалі. Да прыкладу, на адным участку нават на вачах у назіральнікаў сябра камісіі бюлетэні за мяне паклаў у стос да іншага кандыдата. Мы зафіксавалі да 300, а на некаторых участках да 400 галасоў, якія падаваліся як з урны, якую вывозілі для галасаваньня па месцы жыхарства, што таксама немагчыма. Назіральнікаў не дапускалі, каб яны бачылі, як рэальна падлічвалі галасы. Гэты працэс ня быў адкрыты. Шмат пытаньняў да папярэдняга галасаваньня, калі памяшканьні, дзе захоўваліся урны, не апячатваліся. Такія факты практычна па кожным участку, а таму ўсё дакумэнтуем і дасылаем скаргі.

Каардынатар кампаніі «Гавары праўду» Зьміцер Бандарчук кажа, што ад самага пачатку выбарчай кампаніі было відавочным тое, што нічога ў нас не зьмянілася. У склад выбарчых камісіяў апазыцыянэраў не ўключылі, ніякіх магчымасьцяў кантраляваць выбарчы працэс апазыцыя адпачатку ня мела. Назіральнікам падчас падліку галасоў адводзілася месца, зь якога яны не маглі рэальна бачыць, за каго ў бюлетэнях пастаўленыя птушачкі.

Зьміцер Бандарчук, каардынатар кампаніі «Гавары праўду»
Зьміцер Бандарчук, каардынатар кампаніі «Гавары праўду»

— Мы таксама не маглі ўбачыць, як сябры камісіі і старшыня падсумоўваюць падлічаныя галасы, ніхто нам гэтага не паказваў. Як і раней, нам толькі абвяшчалі вынікі. Нам надалей зразумела, што бязь зьмены заканадаўства ніякіх зьменаў у выбарчым працэсе ня будзе. Усе сябры нашай каманды адзначалі, што на ўчастках былі вельмі вялікія паказчыкі датэрміновага галасаваньня, і, як правіла, менавіта ў гэтых урнах да 90 і больш адсоткаў галасоў былі толькі за патрэбнага кандыдата.

Кандыдатка ад АГП зь Іўя Ірына Давідовіч кажа, што вынікі выбараў чаканыя. У яе на ўчастках зусім не было назіральнікаў ад дэмакратычных партыяў.

Ірына Давідовіч, кандыдатка ад АГП
Ірына Давідовіч, кандыдатка ад АГП

— Мне адзін высокі чыноўнік адразу заявіў: «Не хвалюйся, усё будзе добра...» І я зразумела, што адпачатку ўсё было вырашана. Праўда, што застанецца назаўсёды ў памяці — гэта людзі, якія мяне падтрымлівалі і верылі. У адной невялічкай вёсачцы сябры камісіі з урнай абышлі хату, куды прасілі, каб яны зайшлі. У той хаце галасавалі за мяне, і таму іх, напэўна, абмінулі. Але тыя людзі пачалі тэлефанаваць у розныя інстанцыі, і сябры камісіі вымушаныя былі вярнуцца. Вось пра гэтых людзей я думаю...

Станіслаў Суднік, сябра БНФ і кандыдат зь Ліды, іранічна кажа, што прымае віншаваньні за апошняе месца сярод 4 кандыдатаў. У той самы час кажа, што прагрэс у тым, што мінулым разам за яго было агучана 3% галасоў, а сёлета — 5%.

Станіслаў Суднік, кандыдат ад партыі БНФ зь Ліды
Станіслаў Суднік, кандыдат ад партыі БНФ зь Ліды

— Хто вынікі выбараў ведаў заранёў — тыя асабліва не ўпіраліся. Я асабліва не ўпіраўся падчас кампаніі, і спадар Навумовіч — праўладны кандыдат, які перамог. Я ведаў, што мне гарантаваная параза, а ён ведаў, што яму гарантаваная перамога. А хлопцы, якія верылі ў справядлівасьць, стараліся. Адзін зь іх рэклямных банэраў навешаў толькі мільёнаў на пяцьдзясят, але на выбарах няма сярэбраных мэдалёў.

Што да высноваў, то думаю, што партыя БНФ ішла на выбары самастойна — абсалютна правільна. Тое, што наша партыя ня мела ні капейкі — абсалютна няправільна. На адным энтузіязьме цяпер выбары не выйграюцца. Выбары паказалі, што ўся дэмакратычная кааліцыя нічога ня вартая. Наша партыя мела 49 кандыдатаў, а значыцца, што ў 49 акругах гучала беларуская мова. Ніхто з нашых кандыдатаў не адступаў ад праграмы партыі, і таму прасоўвалася беларуская нацыянальная ідэя. І мы бачым цяпер, што калі выбарчая сыстэма стане зьмяшанай, то мы зможам мець сур’ёзны партыйны сьпіс, да гэтага трэба рыхтавацца. А цяпер мы павінны змагацца за тое, каб зьмяніць выбарчае заканадаўства.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG