Кандыдатка ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і былая кандыдатка ў прэзыдэнты Тацяна Караткевіч прагаласавала на выбарчым участку № 97 у Кастрычніцкім раёне Менску. Падчас галасаваньня яна заявіла, што ня верыць у справядлівыя вынікі галасаваньня, але будзе працягваць палітычную дзейнасьць.
Тацяна Караткевіч прыйшла на выбарчы ўчастак у атачэньні паплечнікаў і сямейнікаў. Прагаласаваўшы, яна дала кароткае інтэрвію.
Тацяна Караткевіч сказала, што сёньня ўжо ня мае значэньня, ці ёсьць шанец на посьпех у гэтай кампаніі:
«Прайшло шмат сустрэч, размоў і дыскусій з выбарнікамі, і сёньня важна, каб былі правільна падлічаныя галасы. І каб перамаглі людзі, якія сёньня аддаюць голас за мірныя перамены. Перакананая, што і мой голас далучыцца да галасоў людзей, якія хочуць пераменаў».
На ўчастку № 77 Кастрычніцкай выбарчай акругі, дзе балятуецца Тацяна, 2900 выбарнікаў. Датэрмінова прагаласавалі 570 — амаль 20% ад усіх унесеных у сьпіс. Паводле старшыні камісіі, за паўтары гадзіны асноўнага галасаваньня на ўчастак прыйшлі яшчэ 800 чалавек. Аднак наплыву выбарнікаў відаць не было, не зважаючы на канцэрт, арганізаваны адміністрацыяй Каледжу мастацтваў, дзе праходзіла галасаваньне.
Тацяна Караткевіч кажа, што не ўжывае слова «верыць» адносна справядлівага падліку галасоў:
«Калі б быў хоць адзін посьпех, каб мы паказалі, што можна гэтак падлічыць, то і ставіліся б зь верай. А цяпер я стаўлюся з надзеяй, бо ня бачу сэнсу сёньня лічыць па-іншаму».
Кандыдатка ў дэпутаты таксама пацьвердзіла ранейшыя заявы пра сваю будучую палітычную дзейнасьць:
«Я буду адстойваць праграму, якую прадставіла, дапамагаць выбарнікам рабіць так, каб палітыка была мэханізмам вырашэньня праблемаў і прыняцьця важных рашэньняў па ўсёй краіне».
Разам з Тацянай Караткевіч на выбарчы ўчастак прыйшлі яе муж Віталь, 13-гадовы сын Елісей, маці Натальля. Яны аднадушна выказаліся ў падтрымку Тацяны, заявіўшы, што падзяляюць зь ёй палітычныя погляды і ўхваляюць яе дзейнасьць.
Падтрымаць Тацяну Караткевіч прыйшоў і кіраўнік кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў. Ён таксама балятуецца ў дэпутаты — у Дзяржынска-Ўзьдзенскай акрузе.
Андрэй Дзьмітрыеў сказаў, што вялікі адсотак датэрміновага галасаваньня на ягоным участку не пакідае шанцаў на перамогу, аднак у грамадзтве растуць настроі на тое, каб дамагацца зьменаў такой сытуацыі:
«На маім участку датэрмінова прагаласавалі каля 33% выбарнікаў, а калі дададуць заяўленае галасаваньне па хатах, то будзе 50% — гэта палова выбарнікаў, галасаваньне якіх застаецца па-за кантролем. Але мне вельмі прыемна паведаміць, што, не зважаючы на гэта, у маёй акрузе сёньня ёсьць сапраўднае валянтэрскае назіраньне. Больш за 70 чалавек праз абвесткі ў інтэрнэце прыйшлі да нас, каб стаць назіральнікамі — вельмі розныя, у тым ліку вядомыя і актыўныя людзі. Гэта нешта новае ў палітычных працэсах, якія былі хіба што на пачатку 90-х. Спадзяюся, што зараз гэта стане пачаткам новай хвалі грамадзкай актыўнасьці людзей».