Пра гэта ў Фэйсбуку паведаміў ягоны сын Кастусь.
Юры Хадыка — беларускі фізык, палітык, прафэсар, актыўны ўдзельнік незалежніцкага руху Беларусі. Апошнія некалькі год жыў у ЗША, у сям’і сына. Юрыю Хадыку было 78 год.
Юры Хадыка ў публікацыях на Радыё Свабода 2004-2013
Нарадзіўся 23 чэрвеня 1938 году ў Менску. У 1945 паступіў у Чыгуначную школу № 60 у Менску, якую скончыў з залатым мэдалём. У 1960 скончыў фізычны факультэт БДУ. Ад 1960 году працаваў у Інстытуце фізыкі АН БССР, малодшы, старэйшы навуковы супрацоўнік, кіраўнік групы, загадчык лябараторыі.
Увосень 1969 году арганізаваў у АН БССР сэмінар па вывучэньні старажытнабеларускага мастацтва, браў удзел у зборы матэрыялаў і напісаньні «Зводу помнікаў гісторыі і культуры Беларусі». У 1975 узначаліў сэкцыю аптычна-электронных сродкаў выведкі ў камісіі АН СССР па распрацоўцы прагнозу разьвіцьця ўзбраеньняў. У 1976 абараніў доктарскую дысэртацыю па тэме «Аптычныя характарыстыкі факелаў балістычных ракет». У 1979 адкрыў пры АН БССР Музэй старажытнабеларускай культуры.
З 1989 па 2007 намесьнік старшыні Беларускага Народнага Фронту. У 1996–2000 уваходзіў у назіральную раду Беларускага Хэльсынскага камітэту. Старшыня аргкамітэту Кангрэсу дэмакратычных сілаў ад 2000 да 2005 году. Аўтар каля 150 навуковых працаў па фізыцы, каля 200 навукова-тэхнічных справаздачаў і амаль 40 публікацыяў па гісторыі беларускага мастацтва.