Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхары Бярозы пра арыштаванага Юрыя Чыжа: «Ды бачылі яго ў краме»


Статуя хакеіста насупраць лядовай арэны ў Бярозе
Статуя хакеіста насупраць лядовай арэны ў Бярозе

Бярозаўскую лядовую арэну пераводзяць на балянс райвыканкаму пасьля арышту бізнэсоўца Юрыя Чыжа, які апекаваўся ёй дагэтуль. Будоўля культурна-этнаграфічнага комплексу «Сабалі» спынілася, бярозаўскі камбінат сылікатных вырабаў перажывае не найлепшыя часы.

Карэспандэнт Свабоды наведаў Бярозу, каб пацікавіцца лёсам спадчыны Юрыя Чыжа на ягонай радзіме.

Лядовы палац у Бярозе будзе ўтрымліваць дзяржава

Бярозаўская лядовая арэна — адна з рэдкіх у краіне, якая не патрабавала грошай зь дзяржаўнага бюджэту, бо раней яе ўтрымліваў бізнэсовец Юры Чыж. Аднак пасьля яго арышту спынілася і фінансаваньне. Жыхары Бярозы кажуць, што не хапала чым плаціць за электрыку, нават лёду не было.

Рабочыя, якія падфарбоўвалі арэну, расказалі карэспандэнту Свабоды, што цяпер лёд заліты і дзеці катаюцца. Патлумачылі, чаму не было лёду:

«Ды лёд штогод улетку не бывае. Кожны год два месяцы, так па тэхналёгіі трэба».

Рабочыя падфарбоўваюць лядовую арэну
Рабочыя падфарбоўваюць лядовую арэну

Цяпер арэну пераводзяць на балянс дзяржавы, а менавіта — аддзелу адукацыі, спорту і турызму Бярозаўскага райвыканкаму. Распавядае жыхарка Бярозы, чыё дзіця займаецца ў спартыўным гуртку ў арэне:

«Бацькі хадзілі да нашага старшыні райвыканкаму новага. То забірае палац горад. Пакуль не забралі, але ўжо афармляюць дакумэнты, спартыўная школа тут будзе. А лёд ужо ёсьць, дзеці ходзяць займацца».

Яшчэ ў 2012 годзе экс-начальнік упраўленьня спорту і турызму Берасьцейскага аблвыканкаму Мікалай Хевук пацьвердзіў, што для дзяржаўнага бюджэту лядовая арэна — лішні цяжар:

«Усе гэтыя аб’екты ў вобласьці стратныя. Дзякуй Богу, будоўля новых арэн не плянуецца. Гэта на сёньня галаўны боль. Мы набудавалі палацаў, а цяпер думаем, як іх утрымліваць. Думалі, заробім грошы, але ў выніку не атрымалася».

Чарговым галаўным болем для бярозаўскіх уладаў цяпер становіцца лядовая арэна, якая пакуль належыць кампаніі «Трайпл» Юрыя Чыжа.

Будоўля комплексу «Сабалі» ня рухаецца

Этнаграфічны комплекс «Наш родны кут Сабалі»
Этнаграфічны комплекс «Наш родны кут Сабалі»

Юрый Чыж родам зь вёскі Сабалі Бярозаўскага раёну. Непадалёк ад роднай вёскі, каля «алімпійскай» трасы М1 ён распачаў у 2014 годзе будоўлю турыстычнага культурна-этнаграфічнага комплексу «Наш родны кут Сабалі».

Праект прадугледжваў інвэставаньне з боку ТАА «Трайпл» 15 мільёнаў даляраў і павінен быў прыняць першых наведнікаў яшчэ летась. Тут пачалі будаваць гатэль, рэстаран, этнаграфічны музэй, аўтазапраўку.

Этнаграфічны комплекс: пашпарт аб’екта
Этнаграфічны комплекс: пашпарт аб’екта

Аднак пасьля арышту Юрыя Чыжа працы тут спыніліся, некаторыя драўляныя пабудовы комплексу дагэтуль стаяць бяз даху.

Бярозаўскі камбінат сылікатных вырабаў у крызісе

Бярозаўскі камбінат сылікатных вырабаў
Бярозаўскі камбінат сылікатных вырабаў

«Трайпл» належыць і бярозаўскі камбінат сылікатных вырабаў. Крызіс ударыў па камбінату яшчэ летась, але і цяпер яго справы не ідуць угару, кажа адзін з працаўнікоў:

«Горш стала, вядома. Абаротных сродкаў меней... Вось цяпер сэзон, а завод ледзь не стаіць. Праблемаў фінансавых значна паболела. Людзей, бывае, звальняюць, і самі звальняюцца. Людзі думаюць, што будзе горш. Бо цяпер яшчэ сэзон, а што зімой будзе?»

«Ды бачылі яго ў краме...»

Многія жыхары Бярозы ў гутарцы з журналістам шкадуюць Юрыя Чыжа:

«Ну так, ён жа тут шмат чаго зрабіў — і лядовы палац, і запраўкі, і людзям у вёсцы дапамагаў. Шкада, вядома, але ж тут, відаць, нейкая палітыка. Мы ж ня ведаем усяго, што там зь ім здарылася», — кажа спадар.

Недабудаваная аўтазаправачная станцыя «Трайпл» каля аўтадарогі М1 непадалёк ад Бярозы
Недабудаваная аўтазаправачная станцыя «Трайпл» каля аўтадарогі М1 непадалёк ад Бярозы

З прычыны недахопу інфармацыі вакол справы Чыжа ў Бярозе ходзяць розныя чуткі. Кажуць, быццам «Лукашэнка яго пасадзіў, каб схаваць ад расейцаў, якім ён грошай вінен». А некаторыя нават пераконваюць, што Юры Чыж увогуле на волі:

«Ды кажуць, што аднаклясьнікі бачылі яго ў хлебнай краме „Каласок“. Кажуць, вітаўся з аднаклясьнікамі. Я сама яго ня ведаю, але такое казалі», — сказала жыхарка Бярозы, якая водзіць сваё дзіця ў «чыжоўскі» лядовы палац.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG