Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ярмошына і дзяржаўныя тэлеканалы агітуюць за датэрміновае галасаваньне


Выбары ў Палату прадстаўнікоў пройдуць у нядзелю, 11 верасьня, а датэрміновае галасаваньне пачнецца ў аўторак, 6 верасьня. І ўлады заклікаюць беларусаў ісьці галасаваць датэрмінова.

Тэлеканал АНТ у нядзельным рэпартажы згадаў, што назіральнікі БДІПЧ АБСЭ зьвярталі ўвагу на непразрыстасьць датэрміновага галасаваньня ў Беларусі.

Але «празрыстасьць» датэрміновага галасаваньня ў Беларусі, як сьцьвярджае АНТ, забясьпечваецца штодзённым апячатваньнем скрыняў для галасаваньня з подпісамі сяброў камісіяў і штодзённым абнародаваньнем зьвестак пра колькасьць выдадзеных бюлетэняў.

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына гэтыя захады лічыць дастатковымі: яна кажа, што гэта і ёсьць выкананьнем рэкамэндацыяў БДІПЧ АБСЭ. Паводле яе словаў, калі адмовіцца ад датэрміновага галасаваньня, то можа прагаласаваць толькі 20% выбарцаў. Раней Ярмошына называла датэрміновае галасаваньне «вечным страшыдлам апазыцыі».

На прэзыдэнцкіх выбарах датэрмінова прагаласавалі, паводле афіцыйных зьвестак, 36% выбарцаў, а на мінулых парлямэнцкіх — 26%.

Праваабаронцы зазначаюць, што на датэрміновае галасаваньне нярэдка заганяюць студэнтаў, вайскоўцаў і працаўнікоў заводаў, пагражаючы «наступствамі».

Апазыцыя называе датэрміновае галасаваньне адным з асноўных інструмэнтаў фальсыфікацыяў і выступае супраць некантраляванасьці датэрміновага галасаваньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG