Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лябедзька пра заклік Статкевіча выйсьці на Плошчу: «З бухты-барахты такія рэчы ня робяцца»


Кастрычніцкая плошча, архіўнае фота
Кастрычніцкая плошча, архіўнае фота

Лідэр БСДП («Народная грамада») Мікалай Статкевіч, кандыдат у прэзыдэнты на выбарах 2010 году, заклікаў выйсьці на Кастрычніцкую плошчу ў Менску 12 верасьня на несанкцыянаваную акцыю «Патрабуем сапраўдных выбараў».

Як ставяцца да гэтай ініцыятывы іншыя палітыкі?

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч сказаў у інтэрвію карэспандэнту Свабоды, што ставіцца да гэтай ініцыятывы спакойна. Таксама ён мяркуе, што ў БНФ абмяркуюць пытаньне пра ўдзел ці няўдзел у гэтай акцыі. Палітык адзначае, што на сёньняшні момант «няма нейкай пратэстнай энэргіі, зьвязанай з выбарчым працэсам у Беларусі».

Аляксей Янукевіч
Аляксей Янукевіч

«Гэта ня першая ініцыятыва спадара Міколы. Я думаю, што ён, як і іншы грамадзянін Беларусі, павінен мець права выказваць сваё стаўленьне да палітычных працэсаў, якія адбываюцца ў краіне. Я спадзяюся, што арганізатары насамрэч здолеюць зрабіць неабходныя захады, каб пазьбегнуць магчымых правакацыяў. Бо ў сёньняшняй сытуацыі вельмі шмат было б жаданьня як у асобных прадстаўнікоў уладаў, так і ў Крамля абставіць апазыцыйныя пратэсты як спробы гвалту, дэстабілізацыі сытуацыі, дзеля таго каб вырашаць свае палітычныя інтарэсы. Я думаю, што арганізатары гэта разумеюць і паклапоцяцца, каб выключыць магчымасьць такіх правакацыяў».

Першы намесьнік старшыні руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч выказаў сумнеў, што акцыя можа быць масавай.

Юрась Губарэвіч
Юрась Губарэвіч

«Я не разумею, чаму менавіта 12 верасьня, бо гэтую акцыю можна праводзіць ужо і заўтра. Ужо відавочна, што сапраўдных выбараў у Беларусі няма. Гэта было зразумела ўсе 20 гадоў і па выніках гэтай кампаніі, хоць яна яшчэ ня скончылася. Мы выкарыстоўваем любую нагоду, каб данесьці да выбарцаў патрабаваньне правядзеньня ў Беларусі свабодных, сумленных і празрыстых выбараў. І падчас самой кампаніі ў нас больш магчымасьцяў, каб данесьці да як мага большага кола людзей тое, што ў Беларусі выбараў няма. І тое, што яны павінны праводзіцца па іншым сцэнары, а ня так, як яны праводзяцца цяпер. Таму ня так важная дата, як важная штодзённая праца і ахоп як мага большай колькасьці людзей. На жаль, умовы пасьля 11 верасьня ня будуць спрыяць таму, каб правесьці эфэктыўную акцыю, каб людзі масава выйшлі на нейкі пратэст».

Старшыня Абʼяднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька сказаў, што калі вядзецца гаворка пра несанкцыянаваную, публічную акцыю, то тут трэба несьці адказнасьць «па поўнай праграме». І што ён як кіраўнік партыі да гэтага не гатовы.

Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька

«Як грамадзянін я не выключаю, што я выйду на гэтую акцыю. І матывацыяй у першую чаргу будзе і сама тэма, зь якой мы пасьлядоўна, прынцыпова выступалі, выступаем і будзем выступаць, пакуль няма свабодных, сумленных выбараў. А што тычыцца нашай палітычнай структуры, то ў нас няма такога рашэньня, і ў астатні час яго і ня будзе, бо і часу няма, і проста з бухты-барахты такія рэчы ня робяцца».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG