Расейская група кампаніяў АСЭ, генпадрадчык будаўніцтва БелАЭС, пракамэнтавала ў прэс-рэлізе гібель чалавека на будаўніцтве атамнай электрастанцыі.
А 16:20 26 жніўня на будаўнічай пляцоўцы загінуў супрацоўнік расейскага ААТ «Трест РосСЭМ». Здарэньне называюць няшчасным выпадкам, яго расьсьледуе Дэпартамэнт дзяржаўнай інспэкцыі працы Мінпрацы, «Трэст» узяў на сябе ўсе выдаткі на дастаўку цела на радзіму, пахаваньне і матэрыяльную дапамогу сям’і памерлага.
«Прычынай трагедыі маглі стаць парушэньні правілаў бясьпекі пры падачы балёнаў з газавай сумесьсю супрацоўнікамі субпадраднай арганізацыі, — паведамляе расейскі генпадрадчык са спасылкай на ўласны аддзел аховы працы. — Беларускі бок адразу ж быў паінфармаваны пра сытуацыю. У кампаніі сфарміраваная камісія па расьсьледаваньні няшчаснага выпадку, спэцыялісты якой ужо пачалі высьвятленьне абставінаў, якія прывялі да гібелі будаўніка. Усе выяўленыя факты перадаюцца замоўцу будаўніцтва».
Здарэньне на будаўнічай пляцоўцы, сьцьвярджае генпадрадчык, не паўплывае на радыяцыйны фон у рэгіёне, бо на пляцоўцы адсутнічаюць ядзерныя матэрыялы.
Гэта ня першае здарэньне на будаўніцтве БелАЭС. У траўні стала вядома пра абвал аднаго з будынкаў на будаўнічай пляцоўцы, у ліпені — пра падзеньне корпусу рэактара. Абодва разы здарэньні пацьвярджалі толькі пасьля публікацыяў у незалежных СМІ і міжнароднага ціску.
Стрэс-тэст на БелАЭС прызначаны на 1-10 верасьня.