Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менчукі могуць прапанаваць назвы вуліцам у Міхалове, Масюкоўшчыне і каля Палаца Незалежнасьці


Менск, ілюстрацыйнае фота
Менск, ілюстрацыйнае фота

Камісія па найменаваньні і перайменаваньні праспэктаў, вуліц і плошчаў прапанавала назвы для чатырох новых вуліцаў, трох завулкаў і аднаго сквэра ў Менску, піша «Минский курьер». Але менчукі могуць прапанаваць свае варыянты назваў.

Сквэр каля вуліцаў Гашкевіча, Сыракомлі і Янкі Лучыны прапануецца назваць «Вілкаўшчына» ў гонар вёскі, якая раней была на гэтым месцы. Завулкі каля вуліцаў Ратамскай і Княгінінскай назавуць 1-м і 2-м Ратамскім і Княгінінскім.

А завулак, які праектуецца каля вул. Астрожскіх і Тышкевічаў, названых у гонар шляхетных родаў Вялікага Княства Літоўскага, назавуць у гонар яшчэ аднаго роду — завулкам Ельскіх.

У Масюкоўшчыне зьявіцца вуліца Ждановіцкая, у Міхалове — Міхалоўская (а вуліца Міхалова можа зьнікнуць, бо апошнія некалькі будынкаў па ёй неўзабаве зьнясуць). Каля вуліцы Зарачанскай, па дарозе на Стайкі, зьявіцца вуліца Стайкаўская.

Новую вуліцу недалёка ад Палаца Незалежнасьці прапанавана назваць Рэспубліканскай (такую назву ў Менску да 1993 году мела іншая вуліца — Раманаўская Слабада). А ў раёне Выгоцкага зьявіцца вуліца імя беларускай акторкі, пісьменьніцы і пэдагога, першай выканаўцы ролі Паўлінкі — Паўліны Мядзёлкі.

Тым часам у Менску захоўваецца багата камуністычных назваў, у тым ліку вуліцаў, названых у гонар дзеячаў са спрэчнай роляй у беларускай гісторыі. Але няма вуліцаў, названых у гонар славутых беларусаў. Напрыклад, няма вуліцы Рыгора Барадуліна, а вуліца Караткевіча названая ў гонар не пісьменьніка, а падпольшчыка. Вуліца імя Васіля Быкава ёсьць толькі на ўскрайку пасёлку Ждановічы.

Выслаць свае прапановы Камісіі па найменаваньні вуліцаў можна ў галоўнае ўпраўленьне ідэалягічнай працы Менгарвыканкаму цягам двух бліжэйшых тыдняў. Адрас: 220006, г. Менск, вул. Маякоўскага, 22, корпус 2.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG