Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замест гімна «Магутны Божа» — нецэнзурная лаянка. Дыскрэдытаваныя ў Інтэрнэце актывісты зьбіраюцца падаваць скаргу ў пракуратуру


Тацяна Севярынец чытае рэп. Пікет правацэнтрысцкай кааліцыі ў Віцебску
Тацяна Севярынец чытае рэп. Пікет правацэнтрысцкай кааліцыі ў Віцебску

У сацыяльнай сетцы «Ўкантакце» зьявіліся відэаролікі зь пікетаў віцебскіх дэмакратычных актывістаў Тацяны Севярынец, Алены Шабуні і Георгія Станкевіча з падмененым гукавым шэрагам.

Замест гімна «Магутны Божа», якім традыцыйна актывісты суправаджаюць свае акцыі, гучыць пераробленая песьня бардаў Нікіціных зь нецэнзурнымі словамі.

Актывісты мяркуюць, што для стварэньня гэтага роліка выкарыстаныя відэаматэрыялы, зьнятыя міліцэйскімі апэратарамі падчас пікету па зборы подпісаў 27 ліпеня.

У той дзень тады яшчэ прэтэндэнты на ўдзел у выбарах Тацяна Севярынец, Алена Шабуня і Георгі Станкевіч зьбіралі подпісы за вылучэньне на кандыдатаў. Падчас пікету яны ўтрох прасьпявалі гімн «Магутны Божа», а «бард Свабоды» Георгі Станкевіч выканаў уласную песьню «Сьцяг».

«Вядома, гэта быў не канцэртны выступ, мы не рэпэціравалі — усе выйшла спантанна, а таму ня дужа гладка. Але ў нас была іншая мэта — ня ўразіць мінакоў сваім вакалам, а прыцягнуць іхную ўвагу. Мы бачылі, што нас здымаюць на відэа два чалавекі, і адзін з варыянтаў запісу неўзабаве зьявіўся ў інтэрнэце. Другім апэратарам быў міліцыянт, які здымаў нас здаля, — кажа Тацяна Севярынец. — Іншых людзей з камэрамі або з мабільнымі тэлефонамі там не было. Таму надзвычай цікава, адкуль узяўся відэазапіс, які скарыстаў невядомы вырабнік відэароліка, выкладзенага на youtube.com пад псэўданімам. Тым болей што з такіх ракурсаў, як у гэтым роліку, нас больш ніхто, апроч міліцыянтаў, не здымаў. Застаецца меркаваць, што гэта зрабіў нехта, хто мае доступ да міліцэйскіх архіваў зь відэазапісамі», — дадае Алена Шабуня.

Акцыю здымаў на службовае відэа супрацоўнік Віцебскай абласной управы міліцыі Ігар Скарыновіч. У міліцыі на актывістаў завялі за той пікет адміністрацыйную справу. У якасьці доказу ў справе фігуравала відэа Скарыновіча. Да суду гэтую адміністрацыйную справу пакуль не давялі.

«Там словы на „п“, на „х“ і ўвогуле такі тэкст, што брыдка і сорамна за гэтых людзей. А што да агульнага зьместу, дык ён яўна скіраваны на тое, каб дыскрэдытаваць нас як кандыдатаў у дэпутаты. Таму мы проста абавязаныя зробіць усё магчымае, каб аўтараў гэтай правакацыі знайшлі і пакаралі. Дарэчы, як толькі мы з Аленай Шабуняй даведаліся пра зьяўленьне роліка ў інтэрнэце і сталі праз тэлефон абмяркоўваць нашы захады, хутка зь сеткі „Ўкантакце“ ён зьнік. Таму мы дакладна ведаем, што нас праслухоўвалі. Але ў нас засталася спасылка, таму будзе што прыкласьці ў якасьці доказу ў судзе. І яшчэ зьдзіўляе, якім чынам гэты ролік трапіў у сетку, прайшоўшы ўсе фільтры. Чамусьці гэтыя фільтры не спрацавалі, калі спатрэбілася запляміць дэмакратычных кандыдатаў. І тут таксама трэба разьбірацца», — мяркуе Тацяна Севярынец.

На відэароліку, які людзі пад прыдуманымі імёнамі цяпер распаўсюджваюць у сацыяльных сетках, тры чалавекі сьпяваюць гімн «Магутны Божа». Гэта пацьвярджае Тацяна Севярынец, якая падчас сьпеваў прыклала руку да грудзей, і па гэтым жэсьце можна беспамылкова вызначыць сэнс сьпеву. Але «за кадрам» гучаць іншыя словы — амаль што спрэс мацюкі.

«Ужо падрыхтавана скарга ў пракуратуру і паведамленьне для місіі АБСЭ, якая назірае за выбарамі ў Беларусі. Сёньня зьбяромся зноў, падпішам гэтыя дакумэнты і заўтра перададзім па адрасах. А калі будзе трэба, зьвернемся і ў суд. Такія злачынствы трэба выкрываць, тым больш мы падазраём, хто да іх датычны», — сказала Свабодзе Тацяна Севярынец.

Паводле актывісткі, якая і раней удзельнічала ў выбарчых кампаніях, у Віцебску гэта першы выпадак, калі дэмакратычных кандыдатаў спрабуюць дыскрэдытаваць праз сацыяльныя сеткі.

31 ліпеня ўсіх трох выканаўцаў гімну — Тацяну Севярынец, Алену Шабуню і Георгія Станкевіча — чарговы раз выклікалі ў Кастрычніцкі райаддзел міліцыі. Актывістам паведамілі, што супраць іх адноўлена адміністрацыйная справа за правядзеньне несанкцыянаванай масавай акцыі, крыху раней скасаваная па рашэньні райаддзелу. Справа была ўжо скасаваная, аднак абласная ўправа міліцыі вырашыла, што падначаленыя спрацавалі недасканала — нядбайна правялі праверку ўсіх фактаў — і вышэйшае кіраўніцтва загадала аднавіць справу «за сьпевы на пікеце» супраць ужо зарэгістраваных кандыдатамі актывістаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG